Фота omiliya.org.

Пра знікненне жыхара Вілейшчыны Сяргея Ліпніцкага мы пісалі ў ліпені. Сёння ў Вілейскім РАУС карэспандэнту паведамілі, што мужчына знайшоўся. Ён памёр у Смалявіцкім раёне.

Летам пра знікненне Сяргея Ліпніцкага паведаміў яго брат. Зніклы жыў у вёсцы Кумельшчына на Вілейшчыне. Было вядома, што мужчына са сваім знаёмым паехаў некуды на заробкі. Сведкі бачылі, як іх забірала машына.

Вілейская міліцыя шукала зніклага. Днямі смалявіцкія калегі паведамілі ў Вілейскі РАУС, што Сяргей Ліпніцкі памёр.

Як распавялі ў РАУС, мужчына сапраўды паехаў на заробкі ў Лагойскі раён. Але тыдзень таму працадаўца забраў яго на будоўлю ў Смалявіцкі раён. Сам з’ехаў, а Ліпніцкі застаўся жыць у бытоўцы на будоўлі. Калі працадаўца вярнуўся, убачыў, што работніку дрэнна. Выклікаў хуткую. Аднак мужчына памёр да прыезду медыкаў.