Першая пара баявых знішчальнікаў Су-30см з запланаваных 12 прыбыла ў Беларусь. 13 лістапада яны прызямліліся на аэрадроме пад Баранавічамі.

Беларусь пачынае паэтапнае пераўзбраенне ВПС на новыя тыпы самалётаў. Улетку 2017 года ў Мінабароны Беларусі заявілі, што Мінск закупіць у Расіі партыю знішчальнікаў Су-30см для абнаўлення парку баявых лятальных апаратаў.

– Першапачаткова ў гэтым працэсе мы спрабавалі дамовіцца з Расійскай Федэрацыяй аб аказанні дапамогі нам у вырашэнні гэтай складанай і вельмі затратнай задачы. Наўзамен атрымалі прапанову аб размяшчэнні на нашай тэрыторыі ваенна-паветранай базы Расійскай Федэрацыі. Але, пагадзіцеся, што гэта не адно і тое ж. Размяшчэнне тут, на нашай зямлі, ваенна-паветранай базы не вырашае праблему развіцця нашай уласнай баявой авіяцыі, – сказаў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась.

Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра тое, што не маюць намер размяшчаць на тэрыторыі рэспублікі замежныя ваенныя базы, у тым ліку і з-за таго, што гэта можа стаць крыніцай напружанасці ў рэгіёне.

У Беларусі з 1995 года размешчаны два расійскіх ваенных аб’екта – 43-й вузел сувязі ваенна-марскога флоту Расіі “Вілейка” (радыёстанцыя “Антэй”) і радыёлакацыйная станцыя “Волга” дэцыметровага дыяпазону (вузел “Баранавічы”) у складзе расійскай сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе.

Вузел сувязі “Вілейка”, размешчаны каля аднайменнага горада, дзейнічае з 1964 года і забяспечвае сувязь на звышдоўгіх хвалях Галоўнага штаба ВМФ Расіі з атамнымі падводнымі лодкамі, якія нясуць баявое дзяжурства у раёнах Атлантычнага, Індыйскага і часткова Ціхага акіянаў. Таксама там праводзяць радыётэхнічную разведку і радыёэлектронную барацьбу і працуе ў інтарэсах іншых відаў УС Расіі.

• Текст доступен на языке: Русский