Кіберзлачынец выкраў у жыхаркі Маладзечна 20 тысяч долараў і 13,5 тысяч еўра

Раніцай 13 лістапада ў Маладзечанскі РАУС паступіла тэлефоннае паведамленне – мясцовая жыхарка расказала пра знікненне з яе банкаўскай карты каля $ 20 тысяч і больш за 13,5 тысяч еўра.

Аператыўнікі аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Міншчыны высветлілі, што напярэдадні ў адным з мэсэнджараў з пацярпелай звязваўся мужчына.

Незнаёмы нібыта хацеў набыць тэлевізар, які жанчына прадавала праз гандлёвую інтэрнэт-пляцоўку. Для ўнясення перадаплаты ён папрасіў перадаць рэквізіты яе банкаўскай карты. Аднак, паводле яго слоў, транзакцыя не прайшла. У сувязі з чым жанчыне было прапанавана прайсці па спасылцы на сайт банка для правядзення аперацыі ў асабістым кабінеце.

Сайт апынуўся фішынгавым. Уведзеным лагінам і паролям завалодаў невядомы, які пазней выкраў з рахунку пацярпелай грошы. Адпаведна перадаплаты яна таксама не атрымала.

Матэрыялы праверкі па дадзеным факце перададзеныя ў Маладзечанскі РАУС для дачы прававой ацэнкі. Праца па ўсталяванні асобы падазраванага працягваецца.

• Текст доступен на языке: Русский