Чорныя кіцелі з рунамі і чарапамі на каўнярах, галіфэ, карычневыя сарочкі. Заводы Х’юга Боса ад 1930-х адзявалі ў гэту ўніформу галоўныя структуры Трэцяга рэйха: службу бяспекі (СД), штурмавыя атрады (СА), вафен-СС, вермахт і Гітлерюгенд.

Ад краўца да буйнога прадпрымальніка

Х’юга Фердынанд Бос нарадзіўся ў 1885 годзе. Ён быў краўцом і з жонкай Луізай валодаў крамай адзення ў Метцынгене. Бізнес застаўся ў яго пасля смерці братоў і сясцёр ад бацькоў – яго абралі спадчыннікам. У 1924 годзе адкрыў завод сумесна з двума іншымі вытворцамі. У першыя гады на заводзе працавала да 30 работнікаў. Там выраблялі ўсе віды адзення ўручную – ад футболак да традыцыйных паўднёвых нямецкіх куртак.

Адна з першых буйных партый адзення кампаніі прызначалася для Рудольфа Борна. Борну пастаўлялі з завода Боса знакамітыя карычневыя сарочкі для нацыянал-сацыялістычнай партыі. А ўжо з сярэдзіны 1930-х гадоў ён рэкламаваў сваю кампанію як «пастаўшчыка партыйнага адзення ад 1924 года».

У 1931 годзе фабрыцы Х’юга Боса ўвогуле пагражала банкруцтва з-за сусветнага фінансавага крызісу. Праз крызіс у Германіі скарацілася вытворчасць, беспрацоўнымі былі дзевяць мільёнаў чалавек. У тым жа годзе Бос стаў членам нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі (НСДАП), якой завод рабіў уніформу, а ўступленне ў партыю дапамагло кампаніі ў фінансавым плане. Нямецкая тэкстыльная прамысловасць, якая пацярпела ад сусветнай рэцэсіі, павольна аднаўлялася ад 1933 года.

«Х’юга Бос» і выраб адзення падчас Трэцяга рэйха

Да 1938 года ў «Х’юга Бос» выраблялі форму СД, СА, СС і Гітлерюгенда. У 1938 годзе ўсё змянілася: кампанія падпісала кантракт на вытворчасць армейскай уніформы для вермахта.

У 1932-м бізнес Боса прыносіў каля 50 тысяч рэйхсмарак (2,3 млн. долараў) у год. Пасля кантракта з вермахтам прыбытак павялічыўся больш чым у 10 разоў – 600 тысяч рэйхсмарак (27 млн. долараў). Да 1942-га гадавы абарот кампаніі пастаянна рос і склаў крыху больш за мільён рэйхсмарак (46 млн. долараў).

Падчас Другой сусветнай вайны кампанія ў асноўным шыла абмундзіраванне для вермахта і для СС. У 1944 годзе яна перадыслакавалася і не магла вырабляць шмат уніформы. Аднак у пачатку 1945 года мела замовы ад СС.

У цэлым кампанія Х’юга Боса істотна вырасла падчас існавання Трэцяга рэйха, хаця ў той час так і не ператварылася ў буйную карпарацыю. Па словах гісторыка Рамана Кёстэра, няма ніякіх прыкмет таго, што кампанія «Х’юга Бос» іграла вядучую ролю ў сектары лёгкай прамысловасці.

Прымусовая праца на заводах Боса

Падчас Другой сусветнай вайны Х’юга Бос наняў 140 прымусовых рабочых, пераважна жанчын. Завод яго быў трэцім па велічыні прымусовай рабочай сілы ў Метцынгене. Сярод 140 супрацоўнікаў працавалі 40 французаў – гэта ваеннапалонныя, яны былі ў кампаніі на працягу кастрычніка 1940 – красавіка 1941-га.

Попыт на форму павялічыўся ў 1930-я, а бізнес Боса пацярпеў ад сур’ёзнага недахопу супрацоўнікаў. Кампанія ўжо сутыкнулася з праблемамі кадравай работы ў самым пачатку вайны, калі работнікі пераходзілі ў больш высокааплатныя галіны, такія як машынабудаванне.

Першыя прымусовыя рабочыя пачалі працаваць на прадпрыемстве ў красавіку 1940 года. У гэты момант некалькі тэкстыльных прадпрыемстваў з паўднёва-заходняй Германіі аб’ядналі намаганні па наборы персаналу з Бельска ў Польшчы. Рабочых прыганялі пры падтрымцы гестапа.

Якія ўмовы жыцця былі для прымусовых рабочых?

Да 1943 года мужчыны жылі ў хлявах ва ўласным лагеры кампаніі. Умовы там былі самыя простыя, але гігіенічныя. Жанчыны жылі з мясцовымі сем’ямі. Гэта змянілася пасля пабудовы спецыяльнага лагера для работнікаў Усходняй Еўропы ў пачатку 1943 года. Лагер аддзяліў прымусовых рабочых ад мясцовых жыхароў. Гэты новы лагер сутыкнуўся з сур’ёзнымі фінансавымі цяжкасцямі: пагоршыўся ўзровень гігіены, харчаванне было дрэннае. Х’юга Бос спрабаваў палегчыць сітуацыю ў пачатку 1944 года – даваў ежу работнікам у сталовай кампаніі.

Ёсць звесткі пра тое, як кіраўніцтва абыходзілася з рабочымі. Адданыя нацыянал-сацыялісты абыходзіліся з жанчынамі вельмі жорстка і пагражалі ім канцлагерамі. Як кажа Кёснэр, Бос, хутчэй за ўсё, асабіста не ўдзельнічаў у інцыдэнтах. Аднак ён не прыняў ніякіх дзеянняў, каб спыніць гэта.

Умовы, з якімі сутыкнуліся работнікі кампаніі «Х’юга Бос» заставаліся ўмовамі прымусовых рабочых. Яны не выбіралі сабе працу, якую выконвалі, а пачынаючы з 1943-га жылі ў спецыяльным лагеры. Яны таксама павінны былі працаваць 12 гадзін у дзень (хаця гэта датычылася і звычайных нямецкіх супрацоўнікаў).

Кампанія не размяшчала сваіх работнікаў у спецлагеры, таму што ўмовы там уплывалі на іх працаздольнасць. Гэта не азначае, што прымусовыя работнікі атрымлівалі асалоду ад гэтага ладу жыцця.

Вядома гісторыя работніцы Юзэфы Гістэрэк. Яна была адной з тых, хто памёр падчас працы на Х’юга Боса. Юзэфа Гістэрэк прыехала з Польшчы і працавала на заводзе ад кастрычніка 1941 года. Была сястрой адной з работніц – Ганны, якую прывезлі ў Метцынген на год раней. Іх бацька напісаў ім з просьбай дапамагчы: у Польшчы заставаліся яшчэ восем дзяцей з іх сям’і. Запыт адхілілі – Юзэфа недастаткова доўга працавала на кампанію.

Дзяўчына ўсё адно паехала да бацькі, а яе арыштавала гестапа. Яе трымалі ў некалькіх лагерах, у тым ліку Асвенцыме і Бухенвальдзе. Х’юга Бос дазнаўся пра арышт Гістэрэк праз паўтара года і звярнуўся ў НСДАП, каб вярнуць яе на завод. З Юзэфы хацелі зрабіць прыклад для іншых работнікаў. Праз нейкі час яна перажыла нервовы зрыў. Тады ёй далі спецыяльны дазвол на адпачынак на тры месяцы. Напрыканцы гэтага перыяду, калі яна павінна была вярнуцца на працу, Гістэрэк скончыла жыццё самагубствам у доме сям’і, дзе гасціла. Бос аплаціў пахаванне і пакрыў транспартныя выдаткі членаў сям’і, якія прысутнічалі на ім.

У пасляваенны час у працэсе дэнацыфікацыі Х’юга Бос заявіў, што далучыўся да партыі, таму што яму абяцалі дапамогу ў сувязі з беспрацоўем і фінансавым крызісам у Германіі ў той час. Кёстэр адзначае, што нельга інтэрпрэтаваць каментары Боса аднабакова. Па словах гісторыка, Х’юга Бос быў лаяльным да НСДАП.

Кампанія «Х’юга Бос» упершыню прызнала сувязь з нацыстамі ў 1997 годзе. А ў 2011 годзе на яе сайце размясцілі афіцыйную заяву з прабачэннямі за свае дзеянні ў 1930-1940-я гады. Кіцелі, мундзіры, шынялі, галаўныя ўборы вайскоўцаў нямецкіх узброеных сіл можна паглядзець у калекцыі музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.

• Текст доступен на языке: Русский