Валеры Маркелаў вядомы ў Маладзечне як былы журналіст «Маладзечанскай газеты» і паэт. 15 лістапада ён святкуе дзень нараджэння.

Сустрэўся з забойцам Берыі

Валеры вырас у Астравецкім раёне. Працаваць пачаў пасля заканчэння школы. Адразу стаў загадчыкам мясцовай бібліятэкі і клуба.

Неўзабаве прызвалі служыць у Падмаскоўе. З часоў арміі найбольш запомнілася сустрэча з маршалам Паўлам Баціцкім – тым самым, што ўдзельнічаў у арышце Лаўрэнція Берыі, а ў 1953 па ўласным жаданні яго расстраляў.

Маркелаў спытаўся: «Таварыш маршал, ці ёсць у вас закурыць». Баціцкі на гэта адказаў, што любіць нахабных у меру і даў пачак «Беламору».

Пасля арміі ў 1975 годзе паступіў у Гродзенскі сельгасінстытут на зоаінжынера. Пасля заканчэння чатыры гады працаваў у жывёлагадоўлі ў калгасе «Рассвет» Астравецкага раёна. У гаспадарцы было 12,5 тысячы галоў свіней, а ў падпарадкаванні 30 чалавек.

Кар’еру ў калгасе зарубіла паэзія. Астравецкая раённая газета надрукавала верш Маркелава з крытыкай на калгасы. Старшыня загадаў пісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні. Давялося шукаць новую працу. У «Астравецкай праўдзе» вакансій не было, таму малады мужчына паехаў у Маладзечна, дзе было шмат радні.

Як трапіў у газету

У 1984 годзе Маркелаў прыйшоў уладкоўвацца ў маладзечанскую раённую газету, якая тады мела назву «Святло камунізму». Тагачасны рэдактар Яўген Меркуль пытаецца:

«Ну, што ўмееш рабіць?», – «Вось вершы пішу», – «Хто піша вершы, той дурань першы. Яшчэ што-небудзь умееш?».

Тады Валеры распавёў пра сельскагаспадарчую адукацыю. «О! Вось гэта тое, што нам трэба!», – адказаў рэдактар і адправіў новага работніка афармляцца ў аддзел кадраў.

У газеце Маркелаў адпрацаваў больш за 20 год. І галоўнай тэмай публікацый была сельская гаспадарка. Але і цяга да паэзіі знайшла выхад. Пры газеце стварылі літаратурнае аб’яднанне «Купалінка», якім Маркелаў кіраваў 12 год.

Паэты з раёна збіраліся, абмяркоўвалі вершы, тварылі. Ні адно раённае свята не абыходзілася без «Купалінкі» – ні Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, ні ўрачыстасці ў Вязынцы і Ракуцёўшчыне. З падтрымкай Маркелава раскруціліся імёны многіх паэтаў.

Валеры Маркелаў быў кіраўніком літаратурна-журналісцкага аб’яднання «Вечарніца», што збірала і вучыла юных маладзечанцаў, якіх вабіла творчасць і медыйная справа.

– Ганаруся, што з 20 выпускнікоў аб’яднання ўсе паступілі ў ВНУ, многія з іх сёння працуюць у медыях, – кажа Маркелаў.

Сям’я

Галоўнымі багаццямі Валеры называе сям’ю, сяброў і кнігі.

З жонкай Алай Валеры пазнаёміўся, калі яна прыйшла ў газету на практыку. Яна вядзе рэпартажы на маладзечанскім тэлебачанні ад самага заснавання МКТБ. Нават незнаёмыя людзі пазнаюць яе па голасу.

За сямейнае жыццё выгадавалі траіх дзяцей. Малодшы Максім жыве з бацькамі. Дачка Каця пасля даканчэння БДУ і магістратуры працуе настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Крывіцкай школе Мядзельскага раёна. Старэйшая дачка Света працуе ў гандлёва-лагістычнай фірме ў Мінску.

Адзначаць свята Маркелаў збіраецца з самымі блізкімі. Пасля свята мае адбыцца яго выступленне ў бібліятэцы.

• Текст доступен на языке: Русский