«Рэгіянальная газета» працягвае дзяліцца гісторыямі беларусаў, якія з’язджалі на заробкі ці імігравалі ў ЗША. Віляйчук Аляксандр Манцэвіч распавядае пра дзядзьку сваёй маці Васіля Місюля, які пераехаў у Амерыку пасля Другой сусветнай вайны.

Васіль Місюль падчас эміграцыі ў ЗША.

– Васіль Місюль нарадзіўся ў вёсцы Іжа ў Вілейскім раёне ў 1889 годзе. У сям’і было яшчэ шасцёра дзяцей. Лёс ва ўсіх склаўся па-рознаму, яны ўсе разляцеліся па свеце. Сцяпан усё жыцця займаўся сялянскай працай. Уладзімір, Пётр і Лена з’ехалі ў Піцер у часы рэвалюцыі. Лена стала зацятай бальшавічкай, перажыла блакаду ў Ленінградзе. Уладзіміра расстралялі ў 1937 годзе па 58-м артыкуле. Падчас Першай сусветнай вайны Сцепаніда пазнаёмілася з вайскоўцам з Латвіі, які ваяваў за Расійскую імперыю. Пасля разам з ім пераехала ў Латвію. Усе жывыя на той час браты і сёстры бачыліся пасля вайны. Не прыязджаў адзін Васіль, таму што ён апынуўся ў ЗША.

Да 1939 года Васіль жыў у Мядзеле і працаваў там настаўнікам. Мабыць, ён не вельмі добра сустрэў савецкую ўладу. Можа, ён ужо ведаў, што яго брата Уладзіміра расстралялі. Падчас Другой сусветнай вайны Васіль застаўся ў Вілейцы. Прыйшлі немцы, і ён стаў акруговым асветным афіцэрам у Беларускай цэнтральнай радзе (БЦР). Гэта пацвярджаюць успаміны Язэпа Малецкага ў кнізе «Пад знакам Пагоні».

Васіль не мог заставацца ў Савецкім Саюзе, таму што яго адназначна расстралялі б. Таму ён выехаў за мяжу: з 1944 года знаходзіўся ў Германіі ў лагеры для перамешчаных асоб у брытанскім сектары. У гэтых лагерах збіралі грамадзянскае насельніцтва і вырашалі іх далейшы лёс. У 1950-я канчаткова пераехаў у ЗША, атрымаў амерыканскае грамадзянства ў 1957 годзе.

Васіль Місюль даваў паказанні ў Кангрэсе ЗША пра катаванні ў савецкіх турмах, якія адбываліся ў 1941 годзе.

Карабельны маніфест: Васіль Місюль прыехаў у ЗША (ньюёркскі порт) 1 студзеня ў 1951 годзе на караблі General S D Sturgis. Нацыянальнасць не пазначаная, месца нараджэння – Польшча.

Місюль у ЗША.

– Васіль быў у перапісцы з маімі роднымі ўвесь час. У 1970-я ён прыязджаў у Беларусь, але такіх людзей не пускалі сюды, а ён патрапіў. Васіль сказаў тады: «Каб вы ведалі, якія вялікія грошы я заплаціў вашым!»

Мабыць, меліся на ўвазе грошы, якія ён заплаціў у консульстве, каб яму дазволілі ўехаць у Савецкі Саюз. Васіль прыехаў праведаць сваіх блізкіх – быў у сястры ў Ленінградзе. Думаю, Лена нешта знала пра яго дзейнасць. Мая мама расказвала, што Васіль і Лена часта спрачаліся. Можна быць камуністкай і сказаць, што ты мне не брат. Але Лена не выраклася брата.

Васіль быў на радзіме ў Іжы, а яшчэ прыязджаў у Беразіно. Яму быў абазначаны маршрут, па якім ён мог перамяшчацца ў Саюзе, таму за паездку ў Беразіно маглі нешта зрабіць. Там ён пабачыўся з маёй мамай першы раз пасля таго, як з’ехаў у ЗША.

Я не чуў з вуснаў Васіля прапаганды. У нас неяк у хаце знікла электрычнасць якраз тады, калі ён гасціў у нас. На гэта Васіль сказаў, што ў іх там у Амерыцы адразу рамантуюць. Я хваліўся, што ў нас па тэлебачанні два ці тры каналы. А ён гаварыў, што ў ЗША шмат «чэналаў». Думаю, наш чорна-белы тэлевізар Васіля не ўразіў абсалютна. Ён шмат распавядаў пра Амерыку, але дарослыя запаміналі адно, а я – іншае. У Іжы каля амаль кожнай хаты стаялі перакуленыя гільзы ад артылерыйскіх снарадаў. Яны стаялі як маленькія кавадлы, каб правіць крывыя цвікі. Васіль сказаў, што Амерыка адрозніваецца тым, што там не правяць цвікі, там купляюць новыя.

Васіль перапісваўся з мамай доўгі час, а потым пісьмы перасталі ісці. Мы не маглі дазнацца, чаму і што здарылася з ім. У 2002 годзе я трапіў у Амерыку і сустрэўся з Вітаўтам Кіпелем. Ён расказваў, што Васіль быў актывістам у беларускай іміграцыі ў ЗША. Дадаў яшчэ, што памятае Місюля як шчырага, адданага беларускай справе чалавека.

Васіль памёр 20 красавіка 1984 года ў Іст-Брансуіку, штат Нью-Джэрсі. Гісторык Алег Гардзіенка даслаў фатаграфію магілы Васіля. А мая дачка Жэня, калі была ў Штатах, з дапамогай Сержука Сокалава-Воюша знайшла магілу, дзе пахаваны Васіль.

Фота забяспечаныя Аляксандрам Манцэвічам.

• Текст доступен на языке: Русский