У рэдакцыю «Рэгіянальнай газеты» звярнуліся чытачы з Ільі. Яны занепакоеныя тым, што ў іх аграгарадку збіраюцца зачыняць АЗС, якая працуе тут шмат гадоў.

«Шмат людзей запраўляюць свае аўтамабілі менавіта на гэтай запраўцы, – пішуць нашы чытачы. – Таксама тут запраўляецца транспарт розных арганізацый. Тут жа мясцовыя жыхары, сярод якіх шмат сталых людзей запраўляюць свае касілкі і бензапілы, мотаблокі. Бліжэйшыя АЗС знаходзяцца ў 30 кіламетрах ад Ільі – у Вілейцы, Вішнёўцы, Маладзечне.»

– Я патрыёт сваёй запраўкі, – кажа мясцовая жыхарка Наталля Акуліч. – Куды б ні ехала, запраўляюся тут, на роднай запраўцы, дзе заўжды можна павітацца з аператарамі. Блізка і зручна. Закрыццё запраўкі для большасці мясцовых жыхароў будзе катастрофай.

Карэспандэнт «Рэгіянальнай газеты» пагутарыў з работнікам запраўкі Юрыем Пташнікам. Мужчына сказаў, што запраўку сапраўды закрываюць з-за тагао, што яна старая, кантэйнернага тыпу і што няма вялікага абароту. Плануюць, што запраўка ў Ільі будзе працаваць да канца года. А пасля адчыняць новую, у Сосенцы.

Па каментар мы звярнуліся ў РУП «Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта». Нам адказаў дырэктар РУП «Беларуснафта-Мінскаблнафтапрадукт» Анатоль Кароткі:

«Кантэйнерную аўтазаправачную станцыю №15 у Ільі ўвялі ў эксплуатацыю ў 1987 годзе. Цяпер яна не адпавядае тэхнічным патрабаванням і правілам эксплуатацыі АЗС і нормам у галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Тэхналагічнае абсталяванне маральна састарэла і мае стопрацэнтны фізічны знос.

Па словах Анатоля Кароткага, разам з праектнымі арганізацыямі «Беларуснафта-Мінскаблнафтапрадукт» распрацоўваў пытанне аб рэканструкцыі ці мадэрнізацыі АЗС у Ільі. Аднак такі крок не дазволіў бы выканаць супрацьпажарныя і экалагічныя нормы і правілы, санітарныя патрабаванні. Таму вырашылі зачыніць запраўку ў Ільі пасля адкрыцця АЗС у вёсцы Сосенка.

Спецыялісты правялі таксама ацэнку неабходнасці і эфектыўнасці мінімальных інвестыцый.

У выніку атрымалася, што калі пашыраць тэрыторыю і будаваць запраўку ў Ільі, тэрмін яе акупляемасці расцягнецца больш чым на 30 год.

«Новы аб’ект у Сосенцы знаходзіцца не далёка ад Ільі, на адлегласці 14 кіламетраў. Гэта дазволіць стварыць максімальна зручныя ўмовы для жыхароў Ільі» – адказаў Анатоль Кароткі.

Так будзе выглядаць новая запраўка ў Сосенцы. Фота забяспечанае «Беларуснафта-Мінскаблнафтапрадукт».

• Текст доступен на языке: Русский