Сёлета распачалі шосты сезон курсаў «Мова Нанова» ў Маладзечне.

Заняткі праходзяць па серадах у музычным каледжы імя Агінскага па Вялікім Гасцінцы, 52. Наведнікаў чакаюць а 19 гадзіне ў малой зале, што месціцца на першым паверсе ўстановы.

Хто вядучыя

У гэтым сезоне вядучых трое. Расказаць пра сябе мы папрасілі кожнага з іх.

Наталля Тур

Вяду курсы «Мова Нанова» шосты год – стаяла амаль ля вытокаў ініцыятывы. Маладзечна быў адным з першых гарадоў, у якім распачалі дзейнасць курсы. І вельмі радасна, што да гэтага курсы жывуць.

За гэты час мяняліся і месцы, дзе праводзілі курсы, і нашы навучэнцы. Хтосьці сталеў на нашых вачах і з’язджаў у Мінск, а хтосьці застаецца адданым слухачом ужо не першы год. На курсах маладзечанцы знаёміліся з людзьмі, якія пасля станавіліся мегапапулярнымі.

Напрыклад, гурт «НАВІ» – калісьці сціпленька амаль нікому не вядомыя артысты завітвалі да нас, каб падтрымаць беларускасць і намаганні людзей размаўляць на мове.

Здараліся цяжкасці. Калі на курсы перасталі хадзіць натоўпамі, нам падалося, што гэта нікому не трэба. Цяжка бывала з памяшканнем. Некаторыя дзяржаўныя ўстановы, у якія мы грукаліся, адкрыта пыталіся: а хто за гэта будзе плаціць. І нават не хацелі слухаць, што курсы бясплатныя. Таму асабліва дзякуем за падтрымку Рыгору Сароку, які з разуменнем паставіўся да курсаў і пусціў да сябе.

Алеся Каролік

Далучылася да «Мовы Нанова» ў якасці вядучай у гэтым сезоне. У звычайным жыцці працую ў музычным каледжы імя Агінскага, кірую фондам імя Агінскага і з’яўляюся каардынатарам ўстановы World of youth.

Яшчэ у мінулым сезоне, калі абмяркоўвалі становішча «Мовы Нанова» ў Маладзечна, сябры казалі, каб я далучылася да вядоўцаў. Але я ўсё аднеквалася, “маўляў, а жыць калі…”. Фінальнае рашэнне прыняла пасля кулуарнай гутаркі з Глебам Лабадзенкам.

Паміж жартаўлівых фразачак ён вельмі трапна сказаў: “Сёння трэба рабіць больш, чым калі б там ні было”. І прыйшлося ахвяраваць вывучэннем польскай мовы дзеля выкладання роднай мовы.

Пра ініцыятыву даведалася на пятым курсе ўніверсітэта ў 2015 годзе. Запрасіў наведаць мой універсітэцкі выкладчык. Памятаю, як на адным з заняткаў у Мінску дзялілася са слухачамі, як атрымаць пасведчанне кіроўцы па-беларуску і якая ў людзей на гэта рэакцыя.

Як толькі пераехала ў Маладзечна, адразу пайшла на курсы «Мова Нанова». Маё першае ўражанне адносна Наталлі Тур – «ну і рагатуха». Ніколі не магла падумаць, што буду з ёй разам выкладаць. Пакуль што вялікай складанасці не бачу. Адзінае, за што баліць, – колькасць слухачоў на занятках.

Я была прыемна здзіўленая тым, колькі цікавых людзей, якіх цікавых прафесій наведваюць заняткі. І ўсе яны ставяцца да беларускай мовы з павагай і цікавасцю. Гэта натхняе працаваць і далей.

Яўген Сухаверх

Увайшоў у склад вядоўцаў у гэтым сезоне, нават давялося яго адкрываць. У жыцці я журналіст, пакуль што больш фрылансер. Восем гадоў займаўся аўтамабільнай і аўтаспартыўнай журналістыкай.

«Мову Нанова» ў Маладзечна пачаў наведваць, калі яна толькі з’явілася, восенню 2014 года.

Думаю, мой прыход у склад вядоўцаў быў запраграмаваны 🙂 Рэгулярныя наведнікі нават прапанавалі мне весці курсы, а пасля таго, як у дэкрэтны адпачынак пайшла Галіна, адназначна трэба было ісці Наташы на дапамогу! Вельмі прыемна, што з намі цяпер і Алеся.

Што чакаць у новым сезоне

Вядоўцы курсаў рыхтуюць розныя цікавосткі для наведнікаў, каб кожны занятак быў не толькі карысным, але і захапляльным.

– Мы хочам, каб падлеткі і моладзь Маладзечна ўспомнілі, што размаўляць па-беларуску модна і стыльна, – дзеліцца Наталля Тур. – Таму чакаем на курсах у першую чаргу іх. Што датычыцца сюрпрызаў, на тое яны і сюрпрызы.

Адна з прыемнасцяў для наведнікаў курсаў – сустрэчы з гасцямі. У гэтым сезоне плануюць запрасіць Зміцера Вайцюшкевіча, вядоўцу «Падарожжа дылетанта» Юрыя Жыгамонта. 27 лістапада мае адбыцца выступленне рыцараў, а ў пачатку снежня завітае гурт «Лейбонік» з Сяргеем Башлыкевічам.

• Текст доступен на языке: Русский