Аб прытулку для бадзяжных жывёл, што некалькі год утрымлівае ва ўласным двары мясцовая жыхарка ў Ільі, нам расказала чытачка з Мядзельшчыны Жанна Дуброўская.

– 63-х гадовую гаспадыню ільянскага прытулку для бадзяжных жывёл завуць Тамара Шмаргалава. Яна родам з Казахстана, прыехала ў Ілью 25 гадоў таму і амаль адразу заснавала такі куток для жывел ва ўласным двары. Пазнаемілася я з гэтай апантанай жанчынай два гады таму, калі па волі лёсу прыехала ў Ілью працаваць у мясцовую бальніцу педыятарам.

І яшчэ гадаванцы прытулка. Фота Жанны Дуброўскай.

Жанна прызнаецца, што кожны дзень па дарозе на працу і назад не магла абыякава прайсці каля двора, дзе заўсёды было шмат жывёл.

Цяпер Жанна ў Ільі не жыве, але бывае часам, падтрымлівае сувязі з гаспадыняй прытулка. Сёння тут 13 катоў з кацянятамі, а часам бывае да 20. Таксама ёсць тры вялікіх і адзін маленькі сабака.

– Выдаткі на корм, лекі, антыпаразітарныя медыкаменты, сродкі па доглядзе, вітаміны ляжаць на плячах хударлявай на від, але вельмі жвавай, руплівай пенсіянеркі, якая да таго ж яшчэ і пакутуе ад хваробы  апорна-рухальнага апарату, – дзеліцца Жанна. – Каб зарабіць для прытулку, жанчына збірае ягады і здае іх у краму. Пры гэтым заўсёды наадрэз адмаўляецца ад дапамогі грашыма. Прымае з падзякай толькі корм, прадукты, сродкі па доглядзе.

Калі Жанна прыязджае ў Ілью, назірае, што бадзяжных жывёл становіцца больш. На думку жынчыны, гэтаму спрыяюць і папулярны транспартны напрамак паміж Мінскам, Вілейшчынай і Мядзельшчынай і тое, што жылыя дамы знаходзяцца побач з праезжай часткай. На хаду вельмі зручна выпусціць з машыны сабаку ці кацяня.

Жанне хацелася б, каб аб прытулку  даведалася больш  неабыякавых, душэўных людзей сярод нашых чытачоў. Карыснай будзе любая дапамога: часовая ператрымка жывел, дастаўка корму, лекаў, вітамінных дабавак, сродкаў па доглядзе.

Тэлефон Жанны Дуброўскай ёсць у рэдакцыі.

• Текст доступен на языке: Русский