Жыхар Івянца Альфонс Жаўток знайшоў і ўпарадкаваў 33 магілы на забытым старажытным цвінтары ў лесе ля вёскі Пагарэлка.

Скаціну не пускалі на могільнік

У маленстве, калі пасвіў кароў у гэтых мясцінах, ён памятаў наказ бацькоў, каб скаціну, крый Божа, не пускалі на могільнік.

Гэта сакральнае месца вылучалася адметнымі камянямі з выбітымі незразумелымі знакамі, літарамі і крыжамі. Хадзілі чуткі, што гэта магілы французаў, шведаў або рускіх. Але да некропаля ставіліся з пашанай, падтрымлівалі парадак, наведвалі на рэлігійныя святы.

Дарога са Скіпароўцаў на Івянец праходзіла паўз гэтыя археалагічныя помнікі, дзе непадалёк на скрыжаванні з трактам Мір-Вільня стаяла старасвецкая карчма. У пасляваенны час старшыня калгаса «Рассвет», каб спраміць шлях, праз могілкі праклаў дарогу. Каменныя пліты зрынулі і засыпалі пяском.

Дзякуючы Альфонсу Станіслававічу гэты помнік археалогіі часткова адроджаны. Тут праводзяць экскурсіі. Аматары даўніны даюць усё новыя каардынаты аб месцах знаходжання загадкавых графіці.

Знайшліся і іншыя цікавы камяні

Нумізмат і аматар археалогіі Валеры Мазура заўважыў падобны аб’ект у ваколіцы вёскі Рудня Івянецкая. Аналізуючы аднатыпнасць знакаў, мы аднадушна прыйшлі да высновы, што маем справу з таямнічымі рунамі, якія часта сустракаюцца не толькі на валунах, але і на ўзорах ткацтва, жаночых упрыгажэннях, фрагментах керамікі.

Выявы на камянях падзяляюцца на асобныя літары, лігатуры, ідэаграмы, крыжыкі. Яны маюць падабенства са скандынаўскай рунічнай пісьменнасцю. Вядома, што святыя тэксты арыянаў – ранніх хрысціян – Палаб’я і Памор’я пісаліся рунічным пісьмом.

Рунічная літаратура знішчалася як паганскія праявы д’ябла. З пашырэннем хрысціянства рунічнае пісьмо было выцесненае лацінскім. Ватыканам абвяшчаліся крыжовыя паходы на славянскія землі Палаб’я і землі заходніх балтаў Парусся (Прусію), а потым і на Вялікае Княства Літоўскае.

Скандынаўскі след на Валожыншчыне

Аднойчы краязнаўца Васіль Шакун прапанаваў супольна наладзіць экскурсію для замежных гасцей. Разам мы наведалі сакральныя аб’екты ля Пагарэлкі і Рудні, на перакрыжаванні дарог з Сівіцы на Пілюжыну і з Вуглоў на Дайнаву, камяні ля вёскі Гілікі і ў Праўжалах. Грамадзянін Германіі, які па кудзелі паходзіць з Івянеччыны, Пётра Канечны, упэўнена заявіў, што гэтыя помнікі – сляды вікінгаў. Такіх камянёў шмат у Германіі і Швецыі, дзе знаходзяцца пад дзяржаўнай апекай. Гэту выснову можна лічыць адной з версій у нашых даследаваннях.

Вікінгі – гэта ваяўнічыя дружыны са Скандынаўскай паўвыспы, якія на караблях-дракарах наводзілі жах на жыхароў узбярэжнай Еўропы, Ісландыі, Грэнландыі і Паўночнай Афрыкі.

Войнамі і рабаваннем вікінгі назапасілі скарбы, аб якіх засталіся толькі легенды ды сагі пра вялікі водны шлях “з варагаў у грэкі”.

Адзін з лакальных маршрутаў “з варагаў у грэкі” праходзіў праз нашу зямлю: Балтыйскае мора-Нёман-Іслач-Пціч-Прыпяць-Дняпро-Чорнае мора.

У нашым краі гвалту і рабунку мясцовага насельніцтва з боку вікінгаў у пісьмовых крыніцах не зафіксавана. Але засталіся сляды доўгачасовых стаянак і могільнікі.

Нельга пагадзіцца з тымі, хто лічыць, што крыж – толькі праява хрысціянства. Крыжам пакланяліся людзі ад пачатку цывілізацыі на ўсіх кантынентах як сімвалу сонца. Крыж – гэта і сістэма каардынат, якая дае магчымасць чалавеку арыентавацца ў прасторы і часе. На працягу стагоддзяў выява крыжа атрымала шмат варыяцый, розных па форме і зместу.

Легенда пра камяні, дарогі і каханне, запісаная на Валожыншчыне

Нагадаю паданне, запісанае ў вёсцы Сівіца археолагам Людмілай Дучыц пра камяні на перакрыжаванні дарог. Два хлопцы былі закаханыя ў адну прыгажуню. Дзяўчына сказала: «Хай адзін ідзе ў Івянец і прынясе абаранак, а другі хай ідзе да рэчкі Волкі, зловіць рака і прынясе мне. Хто першы прынясе падарунак, за таго і пайду замуж». Закаханыя прынеслі падарункі адначасова, але, аддаючы іх, адначасова і памерлі. Людзі пахавалі хлопцаў, а дзяўчыну закапалі жывой. Таму тут ляжаць тры камяні, растуць дзве сасны, а пасярэдзіне бяроза.

Камяні – як памяць пра паўстанцаў

Сярод графіці сустракаюцца выбітыя даты «1863». Магчыма, гэта магілы паўстанцаў-каліноўцаў, бо іх хаваць на могілках забаранялі акупацыйныя ўлады.

А вось у Кульшычах, ля прыдарожнага крыжа, захоўваецца камень з пазнакай «1794». Мабыць, гэта зафіксаваныя падзеі паходу аддзела Міхала Клеафаса Агінскага ў наш край.

Даведка

Шматлікія камяні на нашай зямлі з’явіліся ў выніку сожскай стадыі дняпроўскага зледзянення каля 100-120 тысяч гадоў таму. Паверхня зямлі шчодра засеяная дробнымі і вялікімі валунамі, якія былі прынесеныя ледавіком з поўначы Швецыі, Фінляндыі, Карэліі, дна Балтыйскага мора. Камяні з’яўляюцца помнікамі прыроды і калісьці выконвалі культавыя функцыі – ім пакланяліся продкі.

P.S. А пакуль рыхтаваўся гэты тэкст, няўрымслівы Альфонс Жаўток ужо акультурыў мемарыял ля вёскі Рудня. Вялікі дзякуй яму за гэта.

• Текст доступен на языке: Русский