У судовай справе былых кіраўнікоў Беларускага оптыка-механічнага аб’яднання фігуруе і былы гадоўны інжынер вілейскага завода “Зеніт” Уладзімір Кіскін.

Былы гендырэктар дзяржхолдынг «БелОМА» Вячаслаў Бурскі прысуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Яго намеснік Уладзімір Кіскін атрымаў 3 гады калоніі.

Абодва ўзятыя пад варту ў зале суда.

Вячаслаў Бурскі і Уладзімір Кіскін затрыманыя ў пачатку года. Іх абвінавачвалі ў атрыманні хабараў на працягу 10 гадоў у памеры «не менш за 22,2 тысячы рублёў».

Хабарадавальнікам паказаны гендырэктар маскоўскай кампаніі «Оптопром-ІТ» Аляксей Фамін. Ён прапанаваў кіраўніцтву «БелОМА» рабіць камплектуючыя для траўматычных пісталетаў «Оса».

Сваю віну беларускія топ-менеджеры прызналі цалкам.

У часе ператрусу ў кватэры і гаражы Вячаслава Бурскага сілавікі знайшлі 73 тысячы долараў. Ён сказаў, што адкладваў сродкі з зарплаты. «Рыхтаваўся да выхаду на пенсію і мяняў грошы на долары, каб была хоць нейкая грашовая падушка бяспекі», – казаў былы дырэктар «БелОМА».

Бурскі папрасіў суд ўлічыць яго 48 гадоў працы ў холдынгу, ўзнагароды з рук прэзідэнта, узрост і стан здароўя, а таксама раскаянне і не пазбаўляць волі.

Раней пракурор запрасіў 6 і 5 гадоў пазбаўлення волі для Бурскага і Кіскіна адпаведна, але пры гэтым прасіў ўлічыць шэраг змякчальных абставінаў. Гэта здзяйсненне злачынства састарэлым асобай (Бурскаму 73 гады, Кіскіну – 72), дапамога следству ў раскрыцці іншых удзельнікаў злачынства і выплата дзяржаве незаконна атрыманага даходу.