Камандны чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па дзюдо праходзіў з 15 па 17 лістапада ў «Стайках» пад Мінскам. Па рэгламенце спаборніцтваў, у залік сумаваліся вынікі 3 мужчын і 3 жанчын па 6 вагавых катэгорыях.
Па выніках лёсавання спачатку каманда Гродзенскай вобласці, у складзе якой была смаргонка Жанна Асіповіч, сустракалася з камандай Міншчыны і адолела сапернікаў з лікам 4:0.
У паўфінале давялося змагацца з дзюдаістамі Брэсцкай вобласці. Вынік – 4:1. Фінальныя сутычкі гродзенцы правялі са спартсменамі Магілёўскай вобласці і зноў не пакінулі шанцаў канкурэнтам – 4:1. У выніку – першае месца.
Другое месца на гэтых спаборніцтвах занялі дзюдаісты Магілёўшчыны, трэцяе – каманда з Мінскай вобласці.
• Текст доступен на языке: Русский