Балонскі ўніверсітэт. Фота pac.ru.

У кастрычніку беларуская дэлегацыя наведала Італію. У Балонскі ўніверсітэт беларусы прыехалі на перамовы па захаванні памяці паэта-лацініста Міколы Гусоўскага. Узначальваў дэлегацыю першы міністр замежных спраў Беларусі, дыпламат, чалавек, які мае вілейскія карані, Пётр Краўчанка.

Пра сваю паездку і важнасць асобы Міколы Гусоўскага для Беларусі і для сябе Пётр Кузьміч расказаў чытачам «Рэгіянальнай газеты».

Пілі чай з нашчадкамі Радзівілаў

– Кастрычніцкая паездка была багатай на дзелавыя сустрэчы і экскурсіі. Рыхтавалі і адкрывалі выставу беларускіх мастакоў «Дыялог цывілізацый». Падчас адкрыцця выставы выступалі маладзечанцы – вакалістка Маладзечанскага музкаледжа імя Агінкага Кацярына Купрыеўская, выкладчык Таццяна Сарока, сцэнарыст і вядучая Таццяна Шкурынава.

На пачатку падарожжа дэлегацыя наведала базіліку ў Сан-Клементэ. Як расказаў суразмоўца, базіліка знакамітая тым, што ў ёй знаходзіцца прах святога Кірыла – таго самага, што ў дзявятым стагоддзі вынайшаў кірыліцу. Гэта графіка пісьма, якой карыстаюцца сем славянскіх народаў – беларусы, украінцы, сербы, балгары, македонцы, рускія, чарнагорцы.

Запомнілася беларусам і чаяванне з нашчадкамі беларускіх князёў Радзівілаў – Дыянай Карабай і яе мужам – вядомым італьянскім адвакатам Фердынандам Караба. Падчас сустрэчы абмеркавалі пытанні пра пошук і перадачу Нясвіжскаму замку аўтэнтычных рэчаў, якія раней належалі роду Радзівілаў.

Італьянскаму прафесару падарылі шклянога зубра

– Важнай падзеяй была сустрэча з рэктарам Балонскага ўніверсітэта прафесарам Франчэска Уберціні. Гэты ўніверсітэт – найстарэйшая ў свеце навучальная ўстанова. Яе заснавалі ў 1088 годзе. Ад імя навуковай грамадскасці і творчай інтэлігенцыі Беларусі мы перадалі ў якасці дару ўнікальнае факсімільнае 22-томнае выданне Бібліі Францыска Скарыны, выдадзенае ў 1517-1518 гадах у Празе.

Пётр Краўчанка. Фота з архіва “РГ”.

З улікам таго, што Мікола Гусоўскі быў не толькі сучаснікам, але і ў пэўнай ступені паслядоўнікам Скарыны, наш падарунак успрынялі з непадробнай цікавасцю і ўдзячнасцю, – расказаў Пётр Кузьміч.

Прафесару Уберціні падарылі шклянога зубра і першае выданне паэмы «Песня пра зубра» на лацінскай, беларускай і рускай мовах.

Зрабілі сенсацыйныя адкрыцці пра жыццё Міколы Гусоўскага

Наведалі і бібліятэку Балонскага ўніверсітэта, папрацавалі ў балонскім архіве. Вывучалі Libro segreto del collegio – архіўныя дакументы канца 15 і 16 стагоддзя. У іх – кароткая анатацыя дыпломных прац, а таксама магістарскіх і доктарскіх дысертацый.

Ілюстрацыя з сайта archivioradiovaticana.va.

– Мы знайшлі і пераклалі з лацінскай важныя дакументы, якія абвяргаюць ранейшае ўяўленне пра жыццё Гусоўскага ў Італіі. Раней лічылі, што ў Балонскім універсітэце Гусоўскі прабыў нядоўгі час. Але дакументы даказваюць, што наш зямляк доўга выкладаў у гэтым універсітэце і абараніў тут доктарскую дысертацыю па медыцыне 14 мая 1521. Паведамляецца, што ў гэты дзень абараніўся Нікалаус Альбінус Палоніус Літуаніс. Вельмі магчыма, што гэта якраз і быў Мікола Гусоўскі.

Пётр Краўчанка перакананы, што новыя даследаванні паказваюць прынцыпова новую карціну жыцця і навуковай дзейнасці Міколы Гусоўскага ў Балоньі і носяць сенсацыйны характар.

Таксама дакументы паведамляюць пра тое, што ў 1480-1600 гадах больш за сорак студэнтаў і выкладчыкаў Балонскага ўніверсітэта былі выхадцамі з Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, а гэта значыць, Беларусі.

Выступаў за культуру і інтэлект дзяржаўных дзеячаў

У размове з карэспандэнтам Пётр Краўчанка падзяліся, чаму асоба Міколы Гусоўскага блізкая асабіста яму:

– Асоба Гусоўскага даказвае, што мы, беларусы, ужо больш за шэсцьсот год – у Еўропе. Нашы хлопцы вучыліся ў знакамітым Балонскім універсітэце. Так, Падуанскі таксама быў знакаміты. Але менавіта Балонскі называлі ўніверсітэтам нумар адзін. Гэта самы першы ўніверсітэт у свеце. Мікола Гусоўскі – чалавек, які добра ведаў каралеў Бону Сфорцу і Соф’ю Гальшанскую. Ён – аўтар лепшай лацінамоўнай паэмы «Песня пра зубра», дзе распавёў не толькі пра паляванне, а пра культуру, палітычныя падзеі ў тагачаснай Беларусі. Гусоўскага мы можам лічыць першым пацыфістам. У сваёй паэме ён заклікаў людзей рашаць праблемы мірам, а не вайной.

Асуджаў багацце, казаў, што кіраўнікі дзяржаў павінны быць не багатымі, а, перш за ўсё, культурнымі інтэлектуаламі.

Яшчэ Гусоўскі блізкі мне тым, што быў дыпламатам – маім калегам.

• Текст доступен на языке: Русский