Сёння, 22 лістапада, у Вільні праходзяць жалобныя мерапрыемствы па пахаванні парэшткаў удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў, у тым ліку кіраўнікоў – Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
Мы прапануем вам спіс месцаў, дзе можна можна ўшанаваць пямяць паўстанцаў у рэгіёне.
Плябань, Маладзечаншчына
У лесе, недалёка ад вясковага храма, у якім паплечнікі Каліноўскага захоўвалі зброю, знаходзіцца старыя каталіцкія могілкі. Тут пахаваныя пяць удзельнікаў паўстання, якія загінулі ў бітве з рускімі казакамі каля вёскі Свечкі. Іх імёны вядомыя. На магіле ў 1923 годзе быў усталяваны мемарыяльны камень.
Уладыкі, Вілейшчына
28 мая 1863 года ў баі з царскімі войскамі пад Уладыкамі на Вілейшчыне загінула каля двухсот паўстанцаў і іх кіраўнік Вінцэнт Козел-Паклеўскі. Як кажуць мясцовыя, царскія казакі ў той дзень шчыравалі. І тых, каго не забілі, патапілі ў рацэ Ілія.
Па словах старажылаў Ільяншчыны, вада ў Іліі ў той дзень была чырвонай ад крыві.

Як распавядаў пры жыцці краязнаўца, жыхар вёскі Лёпаўшчына Янка Каляда, Вінцэнта Козела-Паклеўскага і яго брата Міхаіла пахавалі ў магіле разам з паўстанцамі. Побач з Вінцэнтам паклалі шашку. Уночы бацька адкапаў сыноў і перапахаваў на сямейных могілках у Сэрвачы.

Кажуць, апошнімі словамі Вінцэнта былі: “Не мы, дык нашы косткі здабудуць незалежнасць.”
Цяпер магілу паўстанцаў ва Уладыках даглядаюць мясцовыя актывісты.
Куранец, Вілейшчына
Тут, на прыкасцельных могілках, заходзіцца брацкая магіла ўдзельнікаў паўстання. Побач з магіламі знаходзіўся і помнік паўстанню 1863 года. Пасля аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі Саветы разбурылі помнік у канцы 1939 года.

Ад яго застаўся толькі пастамент, з якога зрабілі кветніцу. Зараз няма і пастамента. Брацкая магіла з помнікам задумваліся як сімвал смутку па загінулых і як даніна памяці землякам, якія бралі ўдзел у паўстанні. Па гэтай прычыне помнік і паставілі на канцы вескі (у той час) і на ўскрайку былога Полацкага гасцінца, каб было бачна ўсім, хто ехаў па дарозе.
Княгінін, Мядзельшчына
Вясною 1863-га года тут дзейнічалі атрады Густава Чаховіча. Па словах старажылаў,у 1900 годзе ў Княгініне паставілі чыгунны крыж на месцы апошняга бою паўстанцаў. Кажуць, што нехта з паўстанцаў выжыў. Паехаў у Вільню, пасля ў Варшаву. Там набыў крыж і прывёз паставіў ў Княгініна.
• Текст доступен на языке: Русский