Кастусь Каліноўскі. Фота: WikimediaCommons.

Сёння ў 10.00 пачынаецца шматгадзінная наўпроставая трансляцыя пахавання парэшткаў Кастуся Каліноўскага ды іншых паўстанцаў 1863−1864 гг.

Цэнтрам жывога эфіру ў літоўскай сталіцы будзе мабільная студыя на Катэдральнай плошчы. Туды для каментавання цырымоніі «Белсат» запросіць найлепшых гісторыкаў ды грамадскіх лідараў.

Эфір распачнецца прэм’ерай відэакліпу на песню Лявона Вольскага «Калі ідуць на абардаж» на верш Уладзіміра Караткевіча «Павешаным 1863 года».

Акрамя гэтага, журналісты будуць працаваць на вуліцах Вільні. «Белсат» будзе сачыць за ўсім, што адбываецца падчас цырымоніі, пачынаючы ад грамадскага развітання ў Катэдральным касцёле Святых Станіслава і Уладзіслава. Пазней разам з удзельнікамі пахавальнай працэсіі журналісты пройдуць ад касцёлу праз Вострую браму да могілак Росы, дзе ў капліцы і знойдуць спачын 20 паўстанцаў.

Падчас закрытай часткі цырымоніі – набажэнства ў Катэдральным касцёле і пахавання на Росах — «Белсат» скарыстаецца сігналам Літоўскага тэлебачання LRT.

Выступы кіраўнікоў дзяржаваў, каментары на польскай і літоўскай мовах у эфіры «Белсату» прагучаць у перакладзе на беларускую. Імшу ў касцёле будзе каментаваць беларускі рымска-каталіцкі святар.

Адрас будучай трансляцыі на YouTube — https://www.youtube.com/watch?v=54CHW0qD-S4

• Текст доступен на языке: Русский