Не расстраляйце мяне яшчэ, калі ласка. Паслухайце хоць тое, што я хачу сказаць. Па-першае, хоць мне здаецца, што я гэта ўжо даказвала дастаткова, адзначу – я вельмі люблю беларускую мову. Люблю і прыязджаць у Беларусь, і размаўляць з беларусамі на ўсе магчымыя тэмы. Амаль. Крыху раздражняе адзін момант – калі размовы і пытанні пачынаюць паўтарацца, хаця і гэта ў пэўнай меры непазбежна.

Мой асаблівы статус як замежніцы, якая вывучыла беларускую мову і ўвайшла ў беларускую культурную прастору, спрыяе пытанням, дужа ўласцівым беларускаму народу.

Пытанням аб тым, якое маё меркаванне пра беларусаў, беларускую мову, беларускую ежу, клімат (людзі чамусьці думаюць, што жарцік пра «а ты не мерзнеш?» вельмі арыгінальны і вясёлы; насуперак грамадскаму меркаванню, гэта не так), адрозненне паміж «нашымі народамі» (пра гэта пазней) і іншыя такія пункцікі. У самым пачатку ў мяне былі пэўныя складанасці падчас гэткіх размоў: па-першае, я горш валодала беларускай мовай і мне было цяжка выказваць свае думкі красамоўна і ясна; па-другое, я не ра­зумела, што ад мяне чакаюць, і звычайна пагаджалася шмат з чым на аўтамаце, або ўсміхалася і ківала галавой. А не трэба было, і цяпер каюся.

Разумееце, нядаўна выйшла немалая колькасць артыкулаў пра абарону маёй доктарскай дысертацыі, якая адбылася 4 верасня 2019 года. Нехта з журналістаў (не ў «Рэгіянальнай газеце», дзе ўсе малайцы) вырашыў дадаць нешта сваё да агульнай інфармацыі амбасады, але, відаць, не меў часу задаваць пытанні мне непасрэдна і нагугліў усялякія банальнасці.

Апублікавалі нешта ў духу «іспанка (у мяне шмат для каго з журналістаў уласнага імя няма, толькі грамадзянства. Або яны лічаць мяне хваробай, што таксама няблага. Спадзяюся, заразнай) абараніла дысертацыю. Блаблабла навуковыя рэчы. Беларускую мову яна лічыць мілагучнай».

А ведаеце што? Ні ў якім разе.

Я зірнула, адкуль гэта магло быць, і сапраўды, было адно інтэрв’ю ў 2013 годзе, дзе проста спыталі, ці лічу беларускую мову мілагучнай. А я не хацела пакрыўдзіць і адказала станоўча. Хачу сказаць, што я тады не ведала пра распаўсю­джаны стэрэатып аб мілагучнасці беларускай мовы, пра крутую гісторыю аб «другой самай мілагучнай мове пасля італьянскай» (дарэчы, ці ведалі вы, што пра ўкраінскую мову такую ж хлусню пішуць раз-пораз?) і пра канатацыі і наступствы гэтага сцвярджэння. І яны цалкам адмоўныя.

Калі дазволіце, я цяпер вярнуся да часоў сваёй вучобы ў Варшаўскім універсітэце. На другі год сваёй магістратуры я выбрала сабе даволі цікавыя факультатыўныя прадметы, сярод якіх быў курс французскамоўных літаратур Амерыкі. Там не толькі чыталі тэксты амерыканскіх аўтараў, якія пісалі па-французску, а таксама вывучалі тэорыю каланіялізму і посткаланіялізму ў якасці літаратурных рамак. Абмяркоўвалі ідэі Сартра, Фанона, Бгабга, іх тлумачэнні адносінаў паміж калоніямі і імперыямі, моўныя, этнічныя, літаратурныя, сацыяльныя, зрэшты, пытанні… Пры чым тут Беларусь, вы кажаце? Зараз паспрабую патлумачыць так, каб не было замнога навуковых спасылак.

Пачну з таго, як Гомі Бгабга, тэорык посткаланіялізму з Індыі, апісвае адносіны паміж імперыямі і каланізаванымі народамі, і роля пытання іншасці ў іх жа. Для Бгабга гэтыя заўжды няроўныя адносіны складаныя, маюць безліч нюансаў, і на іх уплываюць розныя фактары. Але, калі коратка, то каланізаваны народ і адмаўляецца ад імперыі (і ў гэтым – ад самаідэнтыфікацыі з імперыяй і, часткова, ад яе культуры), у той жа час жадае яе пазітыўнай ацэнкі. Гэтыя дваякія адносіны падтрымліваюцца… Ведаеце чым? Нацыянальнымі стэрэатыпамі! А патрэбныя такія, часткова пазітыўныя, каб каланізаваны народ паверыў у іх і ўспрыняў як праўду. І добрыя, і кепскія.

Мне вельмі падабаецца прыклад, які даваў Сартр з чорнай расай. Белыя прыдумалі да іх пэўныя стэрэатыпы, а менавіта:

  •  Яны добра танцуюць, файныя музыкі, рытм у іх «у крыві» (пазітыўны стэрэатып).
  •  Яны маюць фізічную перавагу, жывёльную сілу (часткова пазітыўны: нібыта гэта і добра, але адначасова прыбліжае чорных лю­дзей да жывёл).
  •  Яны не дужа адораныя інтэлектуальна (негатыўны).

Чорныя чуюць тое, што кажуць белыя (прывілеяваная група, у пэўным сэнсе «імперыя»). Ім падабаецца пазітыўнае абагульненне ў пачатку. Яны рады, што белыя бачаць нешта вартае ў іх, цэняць, думаюць, у белых, мо, добрыя намеры. Ход думак такі: «Ну так, гэта праўда, у нас музыка неверагодная, і, вядома, мы моцныя. Яны кажуць, што інтэлектуальна сяк-так… Ну, ім лепей бачна ж, цывілізацыя такая… Кожны ж мае свае моцныя і слабыя бакі, што паробіш». І ўсё – паверылі. Зусім не дапамагае факт, што стэрэатыпы змешваюцца з фетышызмам. Я не напішу тут, які «фетышысцкі» стэрэатып ёсць пра чорных мужчын, але дам падказку: ён таксама набліжае іх да жывёльнага вобразу.

Пры чым тут беленькія-бялюткія беларусы, спытаеце? Ну, не ўсе белыя прывілеяваныя гістарычна ж, а беларускі народ доўгі час не меў сваёй дзяржавы, затое змагаўся (не толькі на літаральнай вайне, а таксама на моўных і культурных войнах) з уплывовымі суседзямі на Захадзе і на Усходзе.

Гэта паспрыяла пэўнаму недахопу самаўпэўненасці сярод беларусаў (я ненавіджу стэрэатыпы, але сама прасачыла такую тэндэнцыю), чым можна тлумачыць тое, чаму маіх беларускіх знаёмых так хвалюе тое, што я думаю аб іх (і што думаюць аб іх іспанцы).

Давайце прааналізуем парачку папулярных стэрэатыпаў пра беларусаў?

  •  Беларуская мова мілагучная (нібыта пазітыўна гучыць, але зараз патлумачу, што да чаго).
  •  Беларусы – людзі цярплівыя і талерантныя (гэта часткова пазітыўна, але вызначэнне гэтага «цярпення» паказвае на тое, што беларусы не маюць уласнай ініцыятывы, ніколі не пойдуць на канфлікт, нават на патрэбны, і гатовыя трываць любую несправядлівасць са словамі «можа, так і трэба»).
  •  Беларусы – гэта такія калгаснікі, якія ядуць толькі бульбу (ноў комент).

Думаю, з другім і трэцім выпадкамі ўсё ясна, але, пэўна, вы думаеце, што нічога такога ў першым стэрэатыпе і няма.

Па-першае, гэта фетышызм (не сэксуальны – эстэтычны). Па-другое, давайце паглядзім на пытанне з перспектывы таго, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы: «мілагучная» і «нармальная».

Калі лічым беларускую мову «мілагучнай», мы надаём ёй псіхалагічныя і сацыяльныя абмежаванні: беларуская мова прыдатная для вершыкаў, літімпрэзаў і вясковых настаўніц «мовы». Для ўсіх іншых выпадкаў ёсць «нармальная» руская мова. Для ўсіх прагматычных сітуацый (бюракратыі, побыту, мацюкоў…) падыходзіць руская мова, а беларуская – гэта так, для прыгажосці. Мілагучная, але бедная і… мёртвая. «Няма ж тэхнічных слоў на беларускай», «немагчыма пісаць тэксты высокага ўзроўню па-беларуску». Чулі калі-небудзь? Паверылі?

Таму і хачу вам сказаць: беларуская мова – розная. Так, яна можа быць мілагучнай у вершах, але і страшнай у злосці, пошлай у сэксе, нудотнай у побыце, вульгарнай сярод гопнікаў, простай у дзіцячых казках і незразумелай (для мяне) у матэматыцы. Мова як мова, у найлепшым сэнсе.

• Текст доступен на языке: Русский