
Ад гэтага часу ўрад Швецыі ў афіцыйных зносінах будзе называць Беларусь па-шведску Belarus замест Vitryssland (Белая Расія). Пра гэта паведаміла міністр замежных справаў Швецыі Ан Ліндэ ў сваім артыкуле ў выданні Dagens Nyheter.
«Гэта прызнанне беларускай грамадзянскай супольнасці і людзей, якія даўно хацелі падкрэсліць нацыянальную ідэнтычнасць і суверэнітэт сваёй краіны», — піша Ліндэ.
Такім чынам Міністэрства замежных спраў адмаўляецца ад тэрміну, які можа выклікаць асацыяцыі з Расіяй (Ryssland), бо слова Русь (Rus) не адносіцца да Расіі, піша Ліндэ. Русь — гэта назва земляў ва Усходняй Еўропе, якія ў сярэднявеччы былі населеныя ўсходнеславянскімі народамі.
Паведамленне супадае ў часе з візітам Ан Ліндэ ў Мінск разам з яе фінскім калегам Пэка Хаавіста.
У МЗС Швецыі заяўляюць, што тое самае «выпраўленне» — з «Белай Русі» на «Беларусь» — раней адбылося сярод іншага ў англійскай і французскай мовах.
«Я бяру з сабой гэту навіну, калі сёння з афіцыйным візітам наведваю Мінск. Я еду разам з міністрам замежных спраў Фінляндыі Пэка Хаавіста як прадстаўніком старшынёўства ў ЭЗ, і буду сустракацца з прадстаўнікамі ўрада Беларусі, а таксама з грамадзянскай супольнасцю, апазіцыяй і моладдзю», паведаміла міністар.
Ан Ліндэ адзначыла, што Беларусь — гэта краіна, дзе, за выключэннем Швецыі і Фінляндыі, рэкордная колькасць людзей на душу насельніцтва вывучаюць шведскую мову.
У рамках візіту Ан Ліндэ са сваім фінскім калегам будуць весці дыялог у важных для Швецыі і ЭЗ пытаннях. Паводле яе, калі дыялог грунтуецца на перакананні, што кантакты заўсёды лепшыя за ізаляцыю — нават кантакты з краінамі, спосабы кіравання і палітыка якіх заснаваныя на каштоўнасцях, якія Швецыя і ЭЗ не падзяляюць цалкам.
• Текст доступен на языке: Русский