Затрыманне падазраванага - жыхара Вілейшчыны. Фота УУС Віцебск.

Інцыдэнт адбыўся ўвечары 11 лістапада недалёка ад прыпынку паблізу вёскі Бярозаўка. На жыхарку Докшыцкага раёна, якая вярталася з працы дадому, напаў невядомы злачынца.

Ён стукнуў жанчыну некалькі разоў па галаве, прычыніўшы закрытую чэрапна-мазгавую траўму. Пасля гэтага зламыснік забраў сумку з пашпартам, двума мабільнымі тэлефонамі і грашыма.

Пасля нападу пацярпелую забралі ў рэанімацыю, а злачынца ўцёк з месца здарэння. Пачаліся пошукі, якія ўскладняліся тым, што злачынства адбылося ў бязлюдным месцы і ў распараджэнні аператыўнікаў меліся нязначныя звесткі пра прыкметы нападніка.

Віцебскія праваахоўнікі звярнулі ўвагу на жыхара Вілейскага раёна. 58-гадовы мужчына год таму вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, дзе адбываў значны тэрмін за спробу згвалтавання.

Падазраванага міліцыянеры затрымалі ў прыватным доме ў вёсцы Забалацце. Праводзяць неабходныя следчыя дзеянні для ўстанаўлення абставінаў злачынства. Затрыманага правяраюць на магчымую датычнасць да іншых супрацьпраўных дзеянняў. Докшыцкія следчыя распачалі крымінальную справу.

• Текст доступен на языке: Русский