Пракуратура Маладзечанскага раёна накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачанні 51-гадовага ўраджэнца Маладзечна, раней судзімага за забойства і замах на згвалтаванне. Яго абвінавачваюць у сэксуальным дамаганні да непаўнагадовых і здымцы працэсу на відэакамеру тэлефона, піша mlyn.by.
У крымінальнай справе зафіксавалі дзевяць эпізодаў злачыннай дзейнасці абвінавачанага, якія ён здзейсніў у Маладзечне вясной 2018 і летам 2019 года.
Намеснік пракурора Маладзечанскага раёна Аляксандр Васюта расказаў карэспандэнту МЛЫН.BY:
– Згодна з вынікамі папярэдняга расследавання, мужчына 11 сакавіка 2018 года каля 16:40 у стане алкагольнага ап’янення на адной з вуліц прыватнага сектара Маладзечна прымусіў шасцігадовую дзяўчынку распрануцца і здзекаваўся з яе. Абвінавачаны карыстаўся бездапаможным станам дзяўчынкі, якая з-за свайго ўзросту і псіхічнага развіцця не магла разумець характар і значэнне дзеянняў зламысніка і не супраціўлялася.
Па словах Аляксандра Васюты, праз некалькі хвілін мужчына на той жа вуліцы паўторна здзейсніў аналагічныя дзеянні з другой шасцігадовай дзяўчынкай.
Сёлета 8 ліпеня каля 21:20 і 21:25 ахвярамі фігуранта сталі шасцігадовая і васьмігадовая дзяўчынкі, а 9 ліпеня каля 14:30 – тры дзяўчынкі ва ўзросце чатырох, сямі і васьмі гадоў.
Усе свае дзеянні ён здымаў на відэакамеру мабільнага тэлефона.
Паздзекавацца з яшчэ адной, дзевяцігадовай дзяўчынкі, яму перашкодзіў прахожы, якога абвінавачаны спалохаўся і ўцёк.
У 2003 годзе мужчына быў асуджаны за забойства і замах на згвалтаванне. Судзімасць не знятая і не пагашаная.
Цяпер ён чакае судовага працэсу ў камеры следчага ізалятара. Абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Ураджэнцу Маладзечна ставіцца:
- першая частка артыкула 14, трэцяя частка артыкула 167 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Замах на гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару, учыненыя ў дачыненні да заведама малалетняй);
- трэцяя частка артыкула 167 КК (Гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару, учыненыя ў дачыненні да заведама малалетняй паўторна);
- трэцяя частка артыкула 343-1 КК (Выкарыстанне заведама малалетняй для вырабу відэафільмаў або сцэн парнаграфічнага ўтрымання).
Абвінавачанаму пагражае да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі.