Фота Настассі Уткінай.

Літва адмовілася ад прапановы Фінляндыі паўдзельнічаць у трохбаковых кансультацыях з Беларуссю наконт перспектываў Астравецкай атамнай электрастанцыі, якая знаходзіцца на завяршальнай стадыі будаўніцтва, паведамляе Інтэрфакс.

«Гэта не толькі рэгіянальная праблема, а і праблема Еўрасаюза. Таму Літва хацела б, каб усе рэгулятары ЕС былі ўцягнутыя ў яе развязанне», — сказала кіраўніца прэзідэнцкай групы замежнай палітыкі Аста Скайсгірыце ў эфіры Žinių radijas.

Паводле дыпламаткі, БелАЭС не ёсьць двухбаковай справай Літвы і Беларусі ці Фінляндыі і Беларусі. Таму ў Вільні настойваюць на шырэйшым удзеле зацікаўленых інстытуцыяў з розных краін Еўразвязу.

Прапанову правесці трохбаковыя кансультацыі агучыў у Мінску міністр замежных спраў Фінляндыі Пэка Хаавіста пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле яго, гэта дазволіла б «вызначыць прыярытэты партнёрства».

Ён, у прыватнасці, звярнуў увагу на заклапочанасць Літвы што да суседства БелАЭС. Там лічаць станцыю небяспечнай і паслядоўна выступаюць супраць яе будаўніцтва. Каб зняць найвастрэйшыя пытанні, паўстала ідэя запрасіць экспертаў з Беларусі і Літвы ў Хельсінкі, сустрэцца з тамтэйшымі тэхнічнымі экспэртамі і змякчыць найбольш праблемныя моманты.

Мінск не згодны з высновамі літоўскага кіраўніцтва і адзначае, што ўсе працы на БелАЭС вядуцца адпаведна рэкамендацыям МАГАТЭ.