Галоўная інфармацыйная перадача на грамадзкім канале TVP цалкам праігнаравала масавую прысутнасць беларусаў у Вільні 22 лістапада, а ў адным з кадраў беларускі сцяг выдалі за польскі, піша Радыё Свабода.

Урачыстасць перапахавання лідараў і ўдзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў асвятлялася ў польскіх СМІ сціпла. Цырымонію транслявалі тэлеканал «Белсат», які з’яўляецца часткай грамадзкай польскай тэлевізіі TVP, а таксама каналы для палякаў замежжа — Polonia і TVP Wilno. Іншыя СМІ перадавалі паведамленні ад інфармагенцтваў.

Прысутных у Вільні польскіх журналістаў, актывістаў і проста ўдзельнікаў цырымоніі здзівіў і абурыў вечаровы эфір галоўнай інфармацыйнай перадачы TVP1 «Wiadomości».

Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўска-Гузы напісала ў Твітэры, што беларусаў там прадставілі «палякамі з Літвы».

«Бываюць хвіліны, калі чалавека перапаўняе. Кім былі гэтыя людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі, якіх быў такі натоўп у Вільні, пытаецца ў мяне праз мэсэнджэр калега з Гданьску. А я не разумею, чаму ён пытаецца. Сёння я паглядзела «Wiadomości» і ўжо ведаю. Мне было сорамна глядзець учорашнія навіны. Праз мяжу ў працоўны і халодны дзень прыехала маса беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі. А пра гэта не было ані слова. Было сорамна перад літоўцамі, якія арганізавалі ўрачыстасці, перад тысячамі беларусаў, якія прабіваліся праз мяжу і стаялі гадзінамі на моцным холадзе і якіх прадставілі «палякамі з Літвы». Пасыл «Wiadomości» з урачыстасцяў у Вільні мала таго, што не ўтрымліваў асноўных фактаў, якія былі бачныя няўзброеным вокам, дык выглядаў так, нібыта ў Польшчы кіруе «Канфэдэрацыя» (нацыяналістычная кааліцыя ў Сейме Польшчы. — РС)».

Сваімі ўражаннямі ад прысутнасці ў Вільні і ад прагляду навінаў на канале TVP1 падзяліўся са Свабодай аналітык Інстытуту Цэнтральнай Еўропы Дамінік Вільчэўскі.

Паводле яго, калі б нехта ў Польшчы хацеў даведацца пра ўрачыстасці ў Вільні і атрымліваў інфармацыю толькі з перадачы «Wiadomości», то дазнаўся б, што гэта было пахаванне выключна польскіх герояў, пашану якім аддалі найперш палякі.

«Адзін з рэпарцёраў так і сказаў: «Палякі не падвялі». Карцінка ўрачыстасці ў TVP мела мала супольнага з тым, што я пабачыў на ўласныя вочы каля катэдры і на вуліцах Вільні. Літоўцы нібыта былі толькі статыстамі, а беларусаў польская грамадзкая тэлевізія не заўважыла».

У агульных планах глядач мог пабачыць бел-чырвона-белыя сцягі, але рэпарцёры за кадрам падкрэслівалі масавы ўдзел палякаў. На некалькіх кадрах можна было пабачыць абрэзаны беларускі сцяг, які ператварылі ў польскі, абрэзаўшы ніжнюю белую стужку.

• Текст доступен на языке: Русский