У Маладзечне рынак арэнднага жылля нагадвае сітуацыю з прадуктовымі карткамі ў 1990-х, дзе карткі – гэта знаёмыя. Чым больш у цябе знаёмых, тым прасцей знайсці кватэру. А калі ты прыязджаеш у абсалютна незнаёмы горад, то можа здавацца, што ў Маладзечне здаюць жыллё выключна на суткі.

З аднаго боку, пасутачныя кватэры – больш перспектыўны бізнес у грашовым плане: можна зарабіць хутчэй і больш. Але ёсць пэўная рызыка – наняць памяшканне могуць нядобрасумленныя людзі. Аднак усё роўна незразумела, чаму прапановы пасутачнага жылля ў Маладзечне пераважаюць над доўгатэрміновымі.

Перад Маладзечнам быў Полацк, Наваполацк і Мінск

Я наймала жыллё ў трох беларускіх гарадах на працягу шасці год: падчас вучобы ў Полацкім дзяржаўным універсітэце і калі працавала журналістам у Мінску. У Полацку і Наваполацку на пошукі кватэры людзі аддаюць часу не больш, чым некалькі гадзін. Там выходзіць газета з аб’явамі, дзе людзі змяшчаюць на некалькіх старонках прапановы па арэндзе. Галоўнае пытанне – колькі ты гатовы аддаць за памяшканне. Некаторыя шукаюць жыллё ў сацыяльных сетках, дзе таксама можна знайсці кватэру за дзве гадзіны максімум.

На пятым курсе ўтрох з сяброўкамі здымалі полацкую двухпакаёвую кватэру за 80 долараў.

З Мінскам атрымалася адначасова нашмат прасцей і цяжэй. Мае знаёмыя і я наймалі кватэры праз рыэлтараў. Рыэлтары працуюць па дзвюх схемах: перадаплата і аплата па факце. З варыянтам перадаплаты трэба заплаціць работніку рыэлтарскай кампаніі грошы, і ён пачне шукаць жыллё. Не факт, што знойдзе, але грошы застаюцца ў яго – працаваў жа. Аплата па факце – ты плаціш рыэлтару толькі ў тым выпадку, калі ён знайшоў кватэру і ты яе наймаеш. Рыэлтары могуць прапанаваць некалькі варыянтаў, усё залежыць ад сезона і колькі ты гатовы аддаць грошай.

У Мінску вялікі рынак арэнднага жылля, таму некаторыя не ідуць у рыэлтарскія кампаніі, а шукаюць у інтэрнэце: сацыяльныя сеткі, суполкі ў мэсэнджэрах. Кватэры здаюць часта, хутка, і можна знайсці практычна ідэальны варыянт для сябе. Напрыклад, я наймала аднапакаёвую ў Серабранцы за 150 долараў.

Як знайсці кватэру ў Маладзечне?

У Маладзечне ёсць дзве газеты і тры суполкі ў інтэрнэце, дзе можна знайсці актуальныя аб’явы пра арэнду. Інфармацыю можна пашукаць і на буйных сайтах-барахолках, але там кватэры з’яўляюцца рэдка. Часцей за ўсё арэндадаўцы ідуць простым шляхам: пішуць невялічкае паведамленне ў суполцы і чакаюць, хто хутчэй адгукнецца. Паведамленні прасачыць не цяжка, але складана паспець своечасова на іх адказаць.

Насамрэч, падаецца, адзіны шлях наняць кватэру – тэлепатычна даведацца ў арэндадаўцы, што ён можа ў бліжэйшы час кінуць аб’яву ў якую-небудзь суполку ў сацыяльнай сетцы. А потым дазваніцца ці дапісацца да яго цягам пяці хвілін. Калі пазней, то кватэру могуць ужо і наняць.

Іншая справа ў грошах. Маладзечанскія цэны не кусаюцца. Хаця аддаваць 130 долараў за аднапакаёвую кватэру без мэблі ва Усходнім на ўездзе ў горад – неяк занадта. Але я наняла, таму што іншых варыянтаў не было.

За два тыдні не з’явілася ніводнага варыянту

Калі ў Полацку ці Мінску за адзін дзень можна паглядзець да пяці кватэр, то ў Маладзечне за гэты час безвынікова гартаеш стужку з надзеяй на прывабную аб’яву. За два тыдні пошукаў дазванілася на дзясятак нумароў, але ўсе кватэры здалі. Гэта ўжо не кажучы пра «можна паглядзець» – да гэтага моманту дайсці ў працэсе складана і, мабыць, неверагодна.

Адна з маіх знаёмых у Маладзечне шукала кватэру некалькі месяцаў. У яе былі свае патрабаванні: каля вакзала, ніякага стракатага дэкору, ламінатаў і нацяжных столяў, і гэтак далей. Дзіўна, але такую кватэру яна знайшла. Яшчэ больш дзіўна, калі патрабаванняў, акрамя аднапакаёўкі, няма, але кватэра не знаходзіцца.

Незразумела, як людзі шукаюць і паспяхова знаходзяць арэнднае жыллё ў Маладзечне, калі па ўсіх аб’явах кватэры здаюць менш чым праз паўгадзіны. І ўвогуле цікава, а колькі людзей шукаюць безвынікова маладзечанскія пакоі і колькі часу выдаткоўваюць. У мяне ідзе другі тыдзень.

А як вы шукалі сабе кватэру ў Маладзечне?

Карэспандэнт «Рэгіянальнай газеты» ўсё яшчэ ў пошуках арэнднай кватэры і прымае прапановы. Тэлефон Настассі – (8-033) 645-11-10.

• Текст доступен на языке: Русский