Фота Святланы Курэйчык.

Рыгор Сарока – дырэктар Маладзечанскага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага, дырыжор сімфанічнага аркестра каледжа, ганаровы грамадзянін Маладзечаншчыны.

Мы запрасілі некалькіх знаёмых маэстра павіншаваць яго з прыгожай датай.

Талент кіраваць

Дырэктар фонду «Спадчына М.К.Агінскага», педагог-арганізатар музкаледжа Алеся Каролік:

– Перш-наперш для мяне Рыгор Сарока – яскравы прыклад сапраўднага патрыёта сваёй зямлі, мовы і культуры. Чалавек, які генеруе вялікую колькасць ідэй і рэалізуе шматлікія праекты.

Апантаны, авантурны, смелы, спагадлівы – гэта толькі невялікая частка эпітэтаў, якімі можна яго ахарактарызаваць.

Самае галоўнае для мяне – яго талент кіраваць навучальнай установай на працягу амаль 40 год. І яго ўменне аб’яднаць людзей з рознымі поглядамі і думкамі дзеля стварэння новага і цікавага.

Пажадаць – здароўя і надалей заставацца кіраўніком нашага каледжа.

Музкаледж, нібы музей

Заснавальнік і былы дырэктар мастацкай школы ў Маладзечне Васіль Таркан распавёў, як у каледжы з’явілася аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва:

– Маладзечна меў славу горада мастакоў, у нас столькі бліскучых імёнаў! І я падумаў, што павінна быць спецыялізаваная мастацкая вучэльня. Прыйшоў з ідэяй да тагачаснага мэра Генадзя Карпенкі, кажу, што хацеў бы адчыніць такую ву чэльню. Ён адказвае: «А хто табе замінае?». Арганізаваў сустрэчу з намеснікамі міністраў адукацыі і культуры, справа пачалася. Але пасля спатрэбілася, каб гэту вучэльню перадалі пад крыло іншай установе.

Яфім Ідэльчык прапанаваў Рыгору Сароку, кажа: «У цябе ж не вучэльня будзе, а лялька, усё такой прыгажосцю навучэнцы аформяць».

Так яно і стала, музкаледж цяпер нібы той музей. Таму дзякуючы ў тым ліку Рыгору Сароку атрымалася выратаваць аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. З задавальненнем віншую яго з днём нараджэння! Нават падарунак ужо падрыхтаваў.

Творца, Адміністратар, Чалавек

Дырэктар Мінскага абласнога драматычнага тэатра ў Маладзечне Юры Крывенькі ведае Рыгора Сямёнавіча з часоў навучэнства:

– Пасля заканчэння нашай музычнай школы я паступаў у музкаледж на аддзяленне духавых і ўдарных інструментаў. Пачаў хадзіць у сімфанічны аркестр, якім кіраваў Рыгор Сарока.

Так і пазнаёміўся з ім як з кіраўніком і дырыжорам. Пачаліся паездкі, канцэрты. А калі быў на чацвертым курсе, то сабраўся паступаць у акадэмію музыкі, тады была кансерваторыя. Вырашылі, што буду вучыцца і працаваць у музкаледжы. І пасля заканчэння ўстановы размеркаваўся ў свой каледж.

З падтрымкай Рыгора Сямёнавіча стаў кіраваць духавой школай на Парашках. А пасля стаў дырэктарам тэатра.

Для мяне Рыгор Сямёнавіч – выкладчык, адзін з людзей залатога фонду Маладзечаншчыны, з якім заўсёды можна параіцца. І які заўсёды дапаможа. Яго ведаюць усе, настолькі ён харызматычны. Творца, Адміністратар і Чалавек – і ўсё з вялікай літары.

Такіх людзей адзінкі, таму іх неабходна цаніць. Рухавік, з якога варта браць прыклад.

Няхай яго жыццёвая дарога будзе як мага даўжэйшая. Няхай на яго шляху сустракаюцца такія ж творчыя людзі, каб разам рабіць вялікія справы!

Рыгор Сарока: «Я пайшоў самым складаным шляхам»

• Текст доступен на языке: Русский