Вілейчукі падвозілі старую тэхніку на машынах.

Сёння на тэрыторыі Вілейскай ЖКГ урачыста адкрылі пляцоўку для часовага захоўвання адходаў электрычнага і электроннага абсталявання і іншых другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Адкрыццё адбылося ў рамках праекта «Патрэба ў эфектыўным кіраванні жыллёва-камунальнай гаспадаркай», што рэалізаваўся на Вілейшчыне ад 2016 года пры падтрымцы Еўрасаюза з дапамогай Вілейскага райвыканкама і Вілейскай ЖКГ.

Надпісы на пляцоўцы – на беларускай мове.

– Цяпер жыхарам Вілейкі стане зручней пазбаўляцца ад старых халадзільнікаў, тэлевізараў, пральных машын, якія займаюць месца дома ці на лецішчы. У далейшым усё гэта накіруецца на перапрацоўку. На пляцоўку таксама можна будзе прывозіць шкло, пластык, паперу, – адзначылі вядучыя.

На урачыстасць прыехалі прадстаўнікі Еўрасаюза і таварыства «Экапартнёрства» – каардынатар праектаў Еўрасаюза па экалогіі і энергетыцы Алена Ракава, выканаўчы дырэктар «Экапартнёрства» Аліна Бушмовіч. Вілейскі райвыканкам на сустрэчы прадстаўляў намеснік старшыні Аляксандр Катовіч.

Па словах арганізатараў, на адкрыццё пляцоўкі ЕС выдаткаваў каля 17 тысяч еўра.

У выступленні Алены Ракавай прагучала, што Еўрасаюз падтрымліваў і будзе падтрымліваць праекты, накіраваныя на мясцовае развіццё рэгіёнаў, на пытанні энергаэфектыўнасці і вады. Праект быў паспяховым, добра спрацаваў і Вілейскі райвыканкам, і ЖКГ, адзначыла Алена.

Ля пляцоўкі ўтварылася чарга.

Нягледзячы на халоднае надвор’е, гледачы сабраліся.

– Аб’яднанне высілкаў грамадзянскай супольнасці, мясцовых уладаў і жыхароў дало паспяховы вынік, – падсумавала Алена.

Алена Ракава.

Аліна Бушмовіч таксама адзначыла важнасць і праекта і падаравала ад «Экапартнёрства» банеры на экалагічную тэматыку – пастаяннаму ўдзельніку і пераможцу конкурсаў, што ладзіліся ў рамках праектаў – Вілейскай школе №3.

Аліна Бушмовіч узнагароджвае дырэктара школы Мікалая Гіро.

Літаральна за гадзіну каля 20 віляйчан здалі на новай пляцоўцы старую тэхніку і атрымалі падарункі – торбы, шакаладкі, нататнікі, майкі. А мастацкія калектывы вілейскіх школьнікаў аздобілі мерапраемства спевамі.

Як нам распавялі ў ЖКГ цяпер на Вілейшчыне тры падобныя пляцоўкі: на палігоне, у Даўгінаве і новая – у ЖКГ.

Традыцыйная стужка.

У рамках праекта на Вілейшчыне закупілі 243 кантэйнеры для паасобнага збору смецця, кантэйнеры для небяспечных адходаў пластыка, вілачны пагрузчык, смеццевоз, у ЖКГ з’явіўся новы сайт і суполка ў сацсетках.\

Фота аўтара.

 

• Текст доступен на языке: Русский