Мецэнат і ініцыятар праекта Антон Мяжа сабраў каманду прафесійных музыкаў, каб запісаць нацыянальны гімн Рэспублікі Беларусь на верш Максіма Багдановіча «Пагоня». Упершыню легендарны твор Максіма Багдановіча загучаў галасамі хору ва ўрачыстым суправаджэнні аркестра.

– Гэта была мая даўняя мара — каб Беларусь займела паўнавартасны нацыянальны гімн, якасны, пазнавальны і дарэчны ў гістарычным і культурным кантэксце, — расказвае ініцыятар праекта Антон Мяжа. — Я вырашыў ажыццявіць гэтую мару і абраў верш Максіма Багдановіча “Пагоня”. Каб гэты твор загучаў у выкананні хора і аркестра, як нацыянальны гімн Беларусі, спатрэбілася каля двух гадоў і вялікія сродкі.

Над гімнам працавала некалькі дзясяткаў амбіцыйных людзей з розных творчых беларускіх калектываў, але па прапанове каманды, мы не вылучаем асобных творцаў, каб сказаць, што гэты нацыянальны гімн стварылі беларусы для беларусаў: у ім наша гісторыя, наш боль, нашыя сімвалы і наша імкненне да лепшай будучыні роднай краіны».

Тое, што беларусам патрэбны нацыянальны гімн, днямі выразна паказала цырымонія перапахавання паўстанцаў у Вільні. Суайчыннікі аб’ядналіся па-за межамі ўласнай краіны, паказаўшы натхняльную салідарнасць з героямі-землякамі і іх ідэямі. У межах канцэрту ў Вільні ўдзельнікі каманды праекту негалосна апрабавалі на слухачах новы гімн. Беларусы сустрэлі ўрачыстую песню прыветна і натхнёна, падпявалі і актыўна запісвалі супольныя спевы ў сторыс.

Беларускі відэарэжысёр Іван Мураўёў зрабіў эмацыйнае відэа, дзе выкарыстаў новы запіс гімна «Пагоня» і знятыя ім у Вільні кадры з перапахавання Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863-1864 гадоў.

– У розныя часы разглядаліся розныя варыянты афіцыйнага гімна Беларусі, — каментуе каардынатар праекта, музыка і арганізатар ініцыятывы «Спеўны сход» Сяржук Доўгушаў. — Сярод самых вядомых — беларуская марсельеза “Адвеку мы спалі”, “А хто там ідзе?» і “Не загаснуць зоркі ў небе” Янкі Купалы, “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” Макара Kрaўцoвa і “Магутны Божа” Наталлі Арсенневай. Але я лічу, што толькі адзін варынт як найлепш адпавядае гімну нашай краіны, спалучае ў сабе яе мінуўшчыну, сучаснасць і прышласць. Гэта “Пагоня” Максіма Багдановіча, напісаная ім у 1916 годзе ў Мінску.

Музыку на верш пісалі розныя кампазітары: Мікола Равенскі, Мікола Шчаглоў-Куліковіч, Аляксей Туранкоў, Уладзімір Мулявін. Але ў выніку быў абраны варыянт Міколы Шчаглова-Куліковіча, як найбольш адпаведны канцэпцыі гімна.

Музычным рэдактарам і аранжыроўшчыкам стаў вядомы беларускі кампазітар Канстанцін Яськоў, бо першапачатковы варыянт музыкі Міколы Шчаглова-Куліковіча пісаўся для харавога акапэльнага выканання. Канчаткова ў гімне гучаць толькі шэсць з сямі слупкоў верша Максіма Багдановіча, бо гэтага патрабуе жанравая спецыфіка.

– Гімн аб’ядноўвае нацыю, а яшчэ больш яе аб’ядноўвае супольны спеў гэта гімна, — кажа заснавальнік крамы Symbal.by і заўзятар праекта Павел Белавус. — Падзеі апошніх выхадных у Вільні паказалі, што беларусы ўмеюць аб’ядноўвацца і шанаваць сваіх герояў і сваю спадчыну. Парадавала і неафійцыйная прэзентацыя песні — мы пабачылі, як эмацыйна і натхняльна людзі сустрэлі гімн і адразу пачалі спяваць.

Спампаваць аўдыё, відэа, ноты і іншыя сыходныя файлы гімна можна тут!

Нацыянальны гімн Рэспублікі Беларусь «Пагоня»

Словы Максіма Багдановіча
Музыка Міколы Шчаглова-Куліковіча

Толькi ў сэрцы трывожным пачую
За краiну радзiмую жах,
Успомню Вострую Браму святую
I ваякаў на грозных канях.

У белай пене праносяцца конi,
Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць,
Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi
Не разбiць, не спынiць, не стрымаць!

Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi
Не разбiць, не спынiць, не стрымаць!

У бязмерную даль вы ляцiце,
А за вамi, прад вамi — гады.
Вы за кiм у пагоню спяшыце?
Дзе шляхi вашы йдуць i куды?

Мо яны, Беларусь, паняслiся
За тваiмi дзяцьмi наўздагон,
Што забылi цябе, адраклiся,
Прадалi i аддалi ў палон?

Што забылi цябе, адраклiся,
Прадалi i аддалi ў палон?

Бiце ў сэрцы iх — бiце мячамi,
Не давайце чужынцамi быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамi
Аб радзiмай старонцы балiць.

Мацi родная, Мацi-Краiна!
Не ўсцiшыцца гэтакi боль.
Ты прабач, ты прымi свайго сына,
За Цябе яму ўмерцi дазволь!

Ты прабач, ты прымi свайго сына,
За Цябе яму ўмерцi дазволь!