У Беларусі завяршыўся 29-ы чэмпіянат па футболе сярод каманд першай лігі. ФК «Смаргонь» па выніках сезона заняў 14-е месца з 15 каманд-удзельніц. Адразу пасля заканчэння сезона каманду пакінуў галоўны трэнер Павел Раднёнак.

* * *

– Вы ўзначалілі ФК «Смаргонь», калі каманда пасля 6 тураў мінулага чэмпіянату знаходзілася ўнізе турнірнай табліцы. Што вы ведалі пра гэтую каманду да таго, як пачалі сваю працу?

– Аб спартыўных выніках клуба казала яго турнірнае становішча. Перш, чым прыйсці працаваць у «Смаргонь», я адкрыў турнірную табліцу чэмпіянату Першай лігі. Да таго перыяду каманда не набрала ні аднаго ачкі і займала апошні радок у турнірнай табліцы. Я выдатна разумеў, што становішча ў «Смаргоні» катастрафічнае і трэба было ў самыя кароткія тэрміны нешта мяняць.

– Ці было запрашэнне працаваць у «Смаргоні» асабістым прафесійным выклікам для вас?

– Запрашэнне працаваць у ФК «Смаргонь» я прыняў нармальна. Перада мной стаяла задача захаваць каманду ў Першай лізе, а таксама закласці падмурак па развіцці футбольнага клуба на будучыню. Таму працаваць у камандзе, якая паставіла перада мной такія задачы, успрыняў як асабісты выклік. Тое, што «Смаргонь» не вылеціць у Другую лігу, у гэтым я быў упэўнены. Але, што тычыцца мінулага сезону, то тут я чакаў лепшага выніку. Пераасэнсоўваючы цяпер сваю працу, бачу, што каманда па розных прычынах не дабрала 14 ачкоў.

– У міжсезоннай паўзе прыйшлося перакроіць практычна ўвесь склад футбалістаў «Смаргоні». Як ацэньваеце той перыяд сваёй працы?

– Даігрывалі першы круг тымі гульцамі, якія былі набраныя да мяне. Правёўшы тэсціраванне, паглядзеўшы на ўзровень падрыхтаванасці, на маральна-псіхалагічную і фізічную падрыхтоўкі футбалістаў, я ўбачыў, што каманда была не гатовая да таго, каб выконваць задачу па захаванні прапіскі ў Першай лізе. Таму прыйшлося памяняць шмат гульцоў.

– Кіруючы не толькі футбалістамі, але і трэнерамі «Смаргоні», ці ўдалося сфармаваць тут калектыў і каманду аднадумцаў?

– Мне здаецца, што гэтага ўдалося дасягнуць толькі да канца сезону. Я прыйшоў у каманду адзін, без свайго трэнерскага штаба. Спачатку было нялёгка. Адчувалася недастатковае разуменне з боку іншых трэнераў, але да канца сезону мы пачалі адзін аднаму дапамагаць. Мне хацелася, каб футбалісты «Смаргоні» паверылі ў свае сілы. Не да канца мне ўдалося дастукацца да іх, знайсці гэтыя аргументы і довады.

– Як ацэньваеце сваю працу ў «Смаргоні»?

– Каманду ў другім крузе чэмпіянату мы сабралі вельмі перспектыўную, з высокім патэнцыялам. Пра гэта кажуць гульні з лідэрамі турніру. Але, на жаль, яна была неспрактыкаваная. Гэта адбілася на выніку. На працягу аднаго матчу футбалісты «Смаргоні» маглі выдаць адрэзак добрай гульні, а затым праваліцца. Гэта сведчыць аб нестабільнасці маладых гульцоў. У пасіў занёс сабе: не ўдалося знайсці выканаўчага нападніка, які б завяршаў нашы атакуючыя дзеянні. Адным словам: у нас атрымаўся чэмпіянат нерэалізаваных магчымасцяў.

– Які лепшы і горшы матч пад вашым кіраўніцтвам правёў ФК «Смаргонь»?

– Горшым матчам стала выязная гульня супраць «Нафтана». Мы прайгралі тады 0:5. Гэта быў мой першы матч у руля каманды. Тады я зразумеў, што гуляць на роўных з камандамі такога ўзроўню мы можам толькі 20 хвілін. Хатняя гульня супраць «Смалявічаў» стала самай лепшай. Не гледзячы на ​​паражэнне з лікам 0:1, мы выразна спрацавалі і ў атацы, і ў абароне.

– З чым звязаны ваш сыход з клуба?

– Я на палову не справіўся з той працай, якая была мне даручана. Задачу застацца ў Першай лізе выканаў, падмурак на будучыню развіццё клуба таксама, лічу, закладзены. Па выніках чэмпіянату чакаў, што каманда зойме больш высокае месца. Тут я не справіўся. Усе дамоўленасці з боку кіраўніцтва клуба былі выкананы. Арганізацыйныя пытанні вырашаныя. Сыход з «Смаргоні» – спартыўны складнік маёй працы.

– Папрацаваўшы ў ФК «Смаргонь», на ваш погляд, які галоўны трэнер патрэбен гэтай камандзе менавіта цяпер?

– Гэта павінен быць трэнер, які мае досвед працы ў першай лізе са слабымі камандамі; які ўмее будаваць каманду з нулявога цыкла; які валодае багажом ведаў і які мае педагагічныя здольнасці, каб дзяліцца ім з трэнерскім штабам. Для будучага трэнера я расчысціў пляцоўку для працы. Зараз камандзе патрэбны трэнер, які выбудуе на ёй сцены і дах будучай хаты. На мой погляд, у «Смаргоні» не ў трэнеру справа. На працягу апошніх гадоў гэтая каманда топчацца на месцы. У клуба няма ярка выяўленай канцэпцыі развіцця. Абавязкова трэба палепшыць інфраструктуру ў клубе. Да таго ж павінна быць больш адчувальная аддача ад мясцовай ДЮСШ. З адносна невялікім бюджэтам каманда можа разлічваць толькі на тое, што ў «Смаргонь» прыйдуць гульцы, якія не запатрабаваныя ў камандах вышэйшай і першай ліг. Трэба быць гатовым да таго, што футбольнаму клубу давядзецца змагацца за месцы ўнізе турнірнай табліцы.

– Як плануеце правесці міжсезонне?

– Зараз я адпачываю. Але хутка займуся пошукам працы.

– Ці будзеце ў наступным сезоне сачыць за выступленнем ФК «Смаргонь» у чэмпіянаце?

– Буду не толькі адсочваць, але і ўсяляк чым магу дапамагаць. Мне хацелася б, каб у гэтую каманду набіралі гульцоў з-за маральных якасцяў. Я баюся таго, што ў «Смаргонь» зноў прыйдуць заезджыя «вахтавікі», дзякуючы якімі каманда зойме 6-8 месца, а глабальныя праблемы вырашаны так і не будуць.

• Текст доступен на языке: Русский