22 лістапада ў Вільні праходзілі жалобныя мерапрыемствы па пахаванні парэшткаў удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў, у тым ліку кіраўнікоў – Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.

У цырымоніі ўдзельнічалі жыхары з Маладзечна, Вілейкі, Мядзела. Мы распыталі некаторых з іх пра ўражанні ад падзеі.

Алеся Каролік: пабачылі парэшткі людзей, якія аддалі жыццё за незалежнасць

Педагог-арганізатар Маладзечанскага музкаледжа імя Агінскага Алеся Каролік вырашыла ехаць на пахаванне паўстанцаў адразу ж, як даведалася пра мерапрыемства ў СМІ. Маладзечанцы – сябры фонду Міхала Клеафаса Агінскага – ехалі арганізавана на мікрааўтобусе. Выехалі а чацвертай гадзіне раніцы 22 лістапада. Па словах Алесі, мяжу прайшлі хутка, ніякіх пытанняў памежнікі не задавалі.

– Адразу, як прыехалі, выправіліся да катэдры, каб пабачыць парэшткі людзей, якія аддалі сваё жыццё за нашу незалежнасць, – кажа дзяўчына. – Надвор’е было жудаснае. Вецер з усходу пранізваў да касцей людзей, якія сабраліся ў Вільні, каб аддаць даніну павагі і ўдзячнасці нацыянальным героям.

Маладзечанцы выстаялі набажэнства і паслухалі прамовы літоўскага і польскага прэзідэнтаў. А пасля далучыліся да ўсеагульнага шэсця на могілкі.

– Не хопіць слоў, каб апісаць атмасферу і пачуцці, якімі поўніліся нашы сэрцы! Вочы напаўняліся слязьмі ад разумення таго, што пасля 155 год душы і целы паўстанцаў знайшлі супакой. Пакуль чакалі пачатку шэсця, гутарылі з мясцовымі жыхаркамі – маці і дачкой.

Жанчына пачала пытацца пра нашы нацыянальныя сцягі, ці можам мы імі карыстацца ў краіне. Мы расказалі, як ёсць. На што жанчына сказала: «Нас таксама ў 1986 білі за сцягі, а ў 1987 перасталі».

І ў кожнага з нас чыталася ў вачах, што і ў нашай краіне наступіць «1987 год», – дзеліцца Алеся.

Станіслаў Брыль: пытанне, ехаць ці не, нават не паўставала

Прадпрымальнік з Вілейкі Станіслаў Брыль расказаў карэспандэнту, што пытанне, ехаць ці не ехаць, нават не паўставала для яго. Са мной ехаў Павел Хаванскі і яшчэ некалькі чалавек.

– Нарэшце Кастусь і паплечнікі знайшлі супакой і годнае месца, – кажа віляйчук. – Вельмі ўразіла арганізацыя, зладжаная літоўскімі ўладамі. Кожнае дзеянне было выверана, але без перабору. Праз калідор жаўнераў, дзе ішлі віп-персоны, маглі праехаць на ровары дзеці. Па ходніках ішлі мясцовыя жыхары.

Прэзідэнта Польшчы людзі віталі воклічамі, ён паварочваўся і вітаў іх. Толькі наша афіцыйная дэлегацыя прайшла нібы праз стан ворагаў. Хуценька і не падымаючы галоў. А нас – беларусаў – была большасць.

Дабіраліся да Вільні вілейчукі кампаніяй на аўтамабілі. Выехалі рана, каб не патрапіць у чаргу на мяжы. Станіслаў кажа, што паехаць атрымалася не ва ўсіх, хто планаваў. Некаторыя не атрымалі візы. Прайшлі ўвесь шлях: развітанне ў катэдры, выступленні віп-прадстаўнікоў дзяржаў, пешшу, з працэсіяй да могілак Росы, працэдуру пахавання. Ад восьмай гадзіны да амаль 17-й.

– Везлі з сабой зямлю з месцаў пахавання паўстанцаў на Вілейшчыне: з Уладыкаў, Куранца, Бітага Логу, што ля Каралеўцаў. Зямлю высыпалі пад капліцай, дзе пахавалі Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў, – распавядае суразмоўца.

Напрыканцы вілейчукі наведалі канцэрт беларускага гурта «Дзецюкі». Тут, па словах Станіслава, нягледзячы на стомленасць, пелі, жвава танцавалі, разам з усімі крычалі «Жыве Беларусь!»

– Вільня – вельмі прыгожы і прыстойны горад. Дзень выдаўся халодны, дзьмуў моцны вецер. Вытрымаць амаль дзевяць гадзін на паветры было б нялёгка. Але мноства невялікіх утульных кавярняў дапамаглі нам захаваць свае і сілы, і здароўе. Супрацоўнікі-літоўцы вельмі добразычліва ставіліся да нас і іншых. Нават калі нічога і не замаўлялі. А ў адной з такіх нас нават пачаставалі кубачкам гарбаты. Усё было вельмі ўрачыста і годна, – падсумоўвае Станіслаў.

Віктар Тонкавіч: герой не бывае белы і пушысты

Віляйчук Віктар Тонкавіч працуе ў Польшчы. Даведаўшыся пра дату пахавання паўстанцаў, засмуціўся, бо пераблытаў 22 лістапада з 22 кастрычніка. Таму адразу падумаў, што на мерапрыемства не атрымаецца трапіць з-за працы.

Аднак своечасова разабраўся, на пахаванне ў Вільню прыехаў адразу з Польшчы. Тут і сустрэўся са сваімі вілейскімі землякамі, разам з якімі ездзіў браць зямлю на магілы паўстанцаў на Вілейшчыне.

Вілейчукі на пахаванні паўстанцаў у Вільні. Фота з суполкі “Навіны Вілейкі і Вілейшчыны”.

– Такая падзея можа выпасці раз на жыццё, – кажа Віктар. – Неабходна шанаваць сваіх герояў. Цяпер шмат спрачаюцца пра асобу Каліноўскага.

Так, ён не быў белы і пушысты, якімі любяць паказваць савецкіх герояў.

Некаторыя націскаюць на тое, што Каліноўскі быў за саюз з Польшчай. Але на якой мове ён размаўляў? На якой выдаваў сваю «Мужыцкую праўду»? Так, лацінкай, але па-беларуску. А мова для мяне – найпершы паказчык прыналежнасці да таго ці іншага народа. Ды і нарадзіўся Каліноўскі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Для мяне ён – беларус-ліцвін.

Віктар адзначае: было прыемна, што прыехала шмат беларусаў. Бел-чырвона-белыя сцягі зліваліся з чырвона-белымі польскімі – і ўся плошча была бела-чырвонай. А яшчэ мужчына заўважыў сцяг Ізраіля.

Спадабалася прастата адносін з людзьмі літоўскага і польскага прэзідэнтаў, тое, што яны не баяліся людзей. Не з усім быў згодны ў прамове кіраўніка беларускай дэлегацыі Ігара Петрышэнкі. Аднак з прыемнасцю адзначыў, што той гаварыў на добрай беларускай мове.

Вілейчукі пакідаюць на магіле Каліноўскага зямлю з магіл паўстанцаў з Вілейшчыны. Фота з суполкі “Навіны Вілейкі і Вілейшчыны”.

– А яшчэ падалося, што літоўцы ўсё ж лічаць Каліноўскага больш сваім героем. Так, у капліцы, дзе хавалі паўстанцаў, труна Зыгмунда Серакоўскага была перавязаная стужкай у колерах польскага сцяга, а труна з Каліноўскім – у колерах літоўскага.

Партрэт, намаляваны Віктарам Кавальчуком з Мядзела.

Побач з капліцай, дзе пахаваныя паўстанцы, цяпер ёсць зямля не толькі з Вілейшчыны, але і з Мядзельшчыны. Яе прывёз з Княгініна мядзяльчанін Віктар Кавальчук. Таксама мужчына прывёз у Вільню партрэт Каліноўскага, які намаляваў сам.

• Текст доступен на языке: Русский