Ад пачатку года на тэрыторыі раёна злавілі шасцярых замежных грамадзян, якія былі нецвярозымі за рулём.

Іх пазбавілі правоў кіроўцаў, далі штрафы і выслалі з краіны з забаронай вяртацца на пэўны тэрмін.

32-гадовага ўраджэнца Калужскай вобласці затрымалі на тэрыторыі санаторыя “Сасновы бор”. Яму давялося сплаціць штраф на 60 базавых велічыць (каля 1500 рублёў). Яго пазбавілі правоў на тры гады. Пасля разбіральніцтва яму адмовілі ва ўездзе ў Беларусь на пяць год.

Забаранілі ўязджаць у краіну на пэўны тэрмін 46-гадоваму ўраджэнцу Санкт-Пецярбурга, 29-гадоваму грамадзяніну Казахстана, 44-гадоваму літоўцу.

П’янага 42-гадовага грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, які кіраваў “Таёта”, міліцыянеры затрымлівалі з выкарыстаннем табельнай зброі. Прыцэльнымі стрэламі пашкодзілі два кола, калі аўтамабіль рушыў у Насілаве. Іншамарка з’ехала ў кювет.

Кіроўца спрабаваў збегчы з месца здарэння, але яго злавілі праваахоўнікі. У адносінах да фігуранта склалі сем пратаколаў.

36-гадовы грамадзянін Грузіі таксама трапіў у непрыемную гісторыю. Ён кіраваў аўтамабілем нецвярозым. Раней яго штрафалі за язду без страхоўкі і тэхагляду. Фігуранту забаранілі ўязджаць у Беларусь цягам шасці месяцаў. На Маладзечаншчыне жыве яго сын.

Па словах начальніка аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Дзмітрыя Судніковіча, высылка за межы дзяржавы замежнікаў, якія былі затрыманыя за рулём у стане алкагольнага ап’янення, – гэта крайняя мера. Перад гэтым супрацоўнікі старанна разбіраюцца ў сітуацыі, аналізуючы асобу замежнага правапарушальніка і абставіны, якія падвялі на тое, каб пераступіў рысу закона. Што да адмовы замежнаму грамадзяніну ва ўездзе на тэрыторыю нашай краіны, велічыня тэрміну залежыць ад цяжару правапарушэння. Максімальны тэрмін – 10 гадоў.

Паводле лічбаў статыстыкі, з пачатку 2019 года толькі 20% з агульнай колькасці замежнікаў-парушальнікаў пакінулі межы Беларусі. Астатнім маладзечанскія праваахоўнікі далі шанец на выпраўленне.