Фота Віталя Назарэвіча.

Як здабываць інфармацыю, калі іншы бок хацеў бы яе прыхаваць? Пра гэта даведаліся слухачы падчас трэнінгу ў Маладзечне. Навучанне тычылася як працы журналістаў, так і патрэбаў любога грамадзяніна.

Сустрэча “Юрыдычныя аспекты доступу да інфармацыі, яе праверкі. Праца з крыніцамі” адбылася 23 лістапада. Трэнерам выступіла юрыст Алена Лысакова, памочнік адваката, эксперт фонду “Масавыя камунікацыі”. Арганізатар мерапрыемства – Маладзечанская філія Беларускай асацыяцыі журналістаў. Расказваем пра асноўныя рэчы, якія даведаліся ўдзельнікі.

Што гарантуе доступ да інфармацыі

Асноўныя законы, якія рэгулююць доступ да інфармацыі – Канстытуцыя, Закон аб інфармацыі, Закон аб СМІ і Закон аб зваротах грамадзян. Інфармацыя бывае агульнадаступная і тая, распаўсюджанне якой абмежаванае. Прыватнае жыццё, службовая, банкаўская, прафесійная таямніцы, матэрыялы крымінальных і судовых спраў да канца іх вытворчасці.

Існуе шэраг асаблівасцяў наконт таго, як выкарыстоўваць некаторую інфармацыю. Напрыклад, прызнаную экстрэмісцкай сімволіку нельга выкарыстоўваць нават у крытычным кантэксце. Аднак у гістарычных артыкулах яна можа ілюстраваць артыкулы.

Выкарыстоўваць інфармацыю ад незарэгістраваных у краіне арганізацый можна толькі з такой пазнакай. Інфармацыю зарэгістраваных за мяжой кампаній магчыма выкарыстоўваць без пазнак.

У тым, што часам органы і арганізацыі не могуць адказаць на тыя ці іншыя запыты, часам ёсць віна саміх заяўнікаў. Напрыклад, пытанне могуць накіраваць не таму органу, у кампетэнцыі якога пытанне. Або складаюць зварот са мноствам падрабязнасцяў ці нават не задаюць пытанняў. Каб атрымаць адказ па сутнасці, трэба задаваць вельмі канкрэтныя пытанні і абгрунтоўваць запыт прававымі нормамі.

Каб атрымаць інфармацыю ад канкрэтнай асобы, варта званіць у прыёмныя гадзіны. Гэта лічыцца вусным зваротам.

Калі адмаўляюць у інфармацыі

У выпадках, калі іншы бок адмаўляе ў інфармацыі, варта падаваць скаргі. Суд можа прыняць аўдыёзапісы размовы, прычым часам і тыя, што зрабілі без папярэджвання. Звычайна канфлікты з дзяржаўнымі органамі на падставе адмовы ад інфармацыі вырашаюць да суда. Але ёсць прэцэдэнты і калі грамадзяне судзіліся з органамі з-за адмовы ў інфармацыі.

Калі іншы бок адмаўляе ў інфармацыі, ён мусіць патлумачыць прычыну. Некаторыя абмяжоўваюцца словам “немэтазгодна”, аднак яно ніяк не можа быць абгрунтаваннем.

Часам прадстаўнікі дзяржаўных устаноў адмаўляюць у інфармацыі, спасылаючыся на адсутнасць акрэдытацыі. Але такі падыход супярэчыць таму, для чаго акрэдытацыя ўвогуле існуе. Гэта не павінны быць дадатковы спосаб абмежаваць доступ да інфармацыі. Па задуме гэта пазітыўны інструмент, які мусіць дапамагчы арганізатарам прадугледзець месцы на мерапрыемствы. Напрыклад, каб размясціць усіх журналістаў, фатографаў, расставіць камеры.

Некаторыя забароны не проста абмяжоўваюць, але і парушаюць закон. Забароны фатаграфаваць магазіны, гандлёвыя цэнтры і іншыя грамадскія месцы парушаюць Канстытуцыю. Адміністрацыі крамаў спасылаюцца на ўнутраныя дакументы, нібы фота парушае камерцыйную таямніцу. Але таямніцай можна назваць толькі тое, што схавана ад шараговага наведніка.

Юрыст параіла часцей карыстацца адкрытымі базамі дадзеных. Многія звесткі можна адшукаць бясплатна ці за невялікую цану, і не дамагацца кожнага слова ад кампетэнтных органаў.

Артыкул 34 Канстытуцыі

Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджанне поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя.

Дзяржаўныя органы, грамадскія аб’яднанні, службовыя асобы абавязаныя даць грамадзяніну Рэспублікі Беларусь магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, што закранаюць яго правы і законныя інтарэсы. Карыстанне інфармацыяй можа быць абмежавана заканадаўствам у мэтах абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага здзяйснення імі сваіх правоў.

• Текст доступен на языке: Русский