Фота Таццяны Рамановіч.

У Маладзечне на базе Маладзечанскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва стартаваў міні-праект «Вектар» для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

Па словах кіраўніка клуба «Мы разам» Алены Камісарук, міні-праект праходзіць у рамках праекта «Пашырэнне ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў прыняцці рашэнняў па пытаннях сацыяльнай інтэграцыі ў Беларусі».

– Міні-праект будзе доўжыцца да красавіка 2020 года. І наша галоўная задача – навучыць баць коў новым формам работы з дзецьмі, каб займацца з імі дома, – тлумачыць Алена.

Адна з такіх форм – handmade. Сумесная творчасць бацькоў і дзяцей збліжае і дорыць радасць зносін.

Разам сваімі рукамі можна змайстраваць упрыгожванне для дома або сувенір для бабулі і дзядулі.

Арганізаваць майстар-класы для бацькоў дапамаглі педагогі Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік». Заняткі праводзіліся менавіта для мам, але дзеці таксама з задавальненнем далучаліся да творчага працэсу.

– Сёння мы з сынамі робім цікавы магніт на халадзільнік. Дзецям вельмі падабаецца, нават малодшы Цімафей дапамагае. Мы любім наведваць розныя мерапрыемствы. У «Маладзіку» мы не ўпершыню, прыходзілі на навагодні ранішнік. Дзеці былі ў захапленні! – дзеліцца ўражаннямі Кацярына Смолік.

Міні-праект «Вектар» праводзіцца сумесна з Маладзечанскай раённай арганізацыяй Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.

Пакуль мамы былі занятыя справай, валанцёры арганізацыі, навучэнцы гандлёва-эканамічнага каледжа, гулялі з самымі малодшымі.

– Многія людзі хочуць дапамагаць, але не ведаюць, як гэта зрабіць. Мы даведаліся аб арганізацыі Чырвонага Крыжа і ўступілі ў яе, каб рабіць дабро, – распавядае Юлія Арловіч. – Я лічу, што кожнаму чалавеку трэба адпачываць. І мамам, якія сядзяць дома з дзецьмі, таксама неабходны зносіны. І мы ім у гэтым дапамагаем.

• Текст доступен на языке: Русский