Радкоў у "жыроўцы" нямала. А будзе яшчэ больш. Фота аўтара.

Ад студзеня ў нашых жыроўках з’явіцца новы радок – «Кіраванне агульнай маёмасцю». Гэта адна са змен, прапісаных у новым Жыллёвым кодэксе, што пачне дзейнічаць ад пачатку 2020 года. Давайце разбяромся, што за агульная маёмасць, хто будзе ёй кіраваць і ці станем мы з-за гэтага радка больш плаціць за кватэру.

Што такое агульная маёмасць у шматкватэрным доме

Згодна з рэдакцыяй новага Жыллёвага кодэкса, агульная маёмасць – гэта памяшканні, размешчаныя за межамі кватэр і патрэбныя для абслугоўвання двух і больш жылых або нежылых памяшканняў, а таксама дахі, рознае абсталяванне, групавыя прыбору ўліку вады, цяпла, электрычнасці, прыдамавая тэрыторыя і размешчаныя на ёй пабудовы, зеляніна, клумбы.

Эксперт Генадзь Калёнаў: Калі ЖЭС выконвае паслугі і кантралюе  іх, гэта няправільна

Пра новаўвядзенне ў сістэме ЖКГ карэспандэнту распавёў выканаўчы дырэктар Міжнароднай асацыяцыі менеджменту нерухомасці Генадзь Калёнаў.

– Радок «Кіраванне агульнай маёмасцю» з’явіцца ў нашых «жыроўках», але дадатковай аплаты ад грамадзян гэта не запатрабуе. Выдаткі на ўтрыманне кіраўнічага персаналу ўжо даўно закладзеныя ў розных тарыфах на камунальныя паслугі: напрыклад, за вываз смецця ці падагрэў вады. Цяпер дробныя часткі злучаць у адну.

Па словах Генадзя, для Беларусі гэта не зусім новая практыка. На Брэстчыне яна дзейнічае сёлета і незадаволенасці не выклікае. Новаўвядзенне прынясе дагаворныя адносіны, будзе рэгуляваць права ўласнікаў і абавязкі службы заказчыкаў. Функцыі заказчыка і падрадчыка размяжуюцца.

Заказчыкам ад студзеня стане кіраўнічы апарат – менеджары, а падрадчыкамі – розныя дзяржаўныя і недзяржаўныя арганізацыі, якіх менеджары будуць наймаць для аказання паслуг.

– Пакуль атрымліваецца, што нейкі ЖЭС выконвае паслугі і ён жа кантралюе іх якасць. Гэта стварае праблемы. Цяпер будзе выкананне – асобна, кантроль – асобна. Кіраўнічы апарат будзе знаходзіць падрадчыкаў і кантраляваць іх, а не рабіць рамонты, – тлумачыць Генадзь.

Падрадчыкаў будуць шукаць праз конкурс. І па першым часе, упэўнены эксперт, будзе выйграваць манапаліст – якое-небудзь ЖЭУ, бо пра іншых мала ведаюць. Але з часам з’явяцца іншыя падрадчыкі. Установіцца канкурэнцыя. Зацікавіцца буйны і сярэдні бізнес у гарадах. Грамадзяне змогуць самі выбраць, да каго лепш звярнуцца, каб, напрыклад, памяняць кран: да дзяржаўнай структуры або прыватніка.

Напоўніцу сістэма запрацуе не адразу. Трэба вывучыць менеджараў, распрацаваць законы і правілы допуску для падрадчыкаў. На думку Генадзя, на гэта спатрэбіцца гадоў восем.

У краінах Заходняй Еўропы такая практыка дзейнічае ад пачатку 1950-х гадоў.

Эксперт Віктар Кліменка: вынік пакуль цяжка спрагназаваць

– Пытанне пра агульную ўласнасць паўстала даўно. Якраз з таго часу, калі кватэры пачалі пераходзіць у прыватную ўласнасць грамадзян. Добра, што пра гэта загаварылі, але да канца невядома, як будзе дзейнічаць сістэма.

Напрыклад, як ацэньваць і аплачваць працу кіраўнічага апарата, калі ў адказнасці ў адных вялікі жыллёвы комплекс, а ў іншых – невялікі дом.

Грошы на ўтрыманне кіраўнічага апарату бяруцца з паслуг на тэхабслугоўванне. Мы і так аплачваем толькі невялікую частку за яго.

Такім чынам, тое, што агучылі пытанне пра аплату кіравання агульнай маёмасцю, гэта добра. Але што будзе ў рэальнасці, пакуль прадбачыць цяжка, – пракаментаваў дырэктар прыватнага ЖЭСа ў сталіцы Віктар Кліменка.

Маладзечанка: ужо даўно не звяртаюся да дзяржаўных сантэхнікаў

Мы пагутарылі з нашымі чытачамі пра новаўвядзенне ў «жыроўках». Пра тое, што з’явіцца новы радок, людзі не ведалі. Выхавальніца Валянціна К. пра новы радок даведалася ад нас. Жанчына прызнаецца, што пакуль не вельмі ўяўляе, як дадзенае новаўвядзенне можа датычыцца яе.

– Канешне, гэта добра, што чалавек зможа сам выбіраць, да каго звярнуцца па нейкую камунальную паслугу. Але ж мы ўжо даўно не звяртаемся ў ЖЭС, калі ёсць нейкія пытанні, напрыклад, па сантэхніцы. Цяпер шмат добрых прыватнікаў. Мне іх праца падабаецца больш: заўсёды хутка і акуратна.

• Текст доступен на языке: Русский