30 лістапада ў «Адкрытай прасторы» ў Маладзечне зладзілі трэнінг для падлеткаў на тэму «Базавыя прынцыпы асертыўнай асобы». У межах праграмы «Prodvizhenie» яго правяла спецыяліст па сацыяльнай рабоце з Брэста Святлана Мінькова.

Знаёміліся і шукалі кропкі судакранання

На мерапрыемства прыйшлі падлеткі з Маладзечна. Былі выключна дзяўчаты. Па словах Святланы, гэта зрабілі спецыяльна, каб удзельнікі трэнінгу не саромеліся і больш раскрыліся. Трэнінг быў накіраваны на тое, каб дзяўчаты даведаліся, што такое асабістыя межы і як іх абараняць.

– Усё пачалося з вясёлага знаёмства. Мы называлі імя, захапленне і тры свае станоўчыя якасці. Весялосці і нязмушанасці дадаваў цацачны ослік, які як бы кіраваў працэсам. Потым мы разам прыдумалі правілы нашай сустрэчы, – падзялілася адна з удзельніц трэнінгу Даша Бурачонак.

Пасля знаёмства дзяўчат падзялілі на дзве каманды. Удзельніцы высвятлялі кропкі судакранання – шукалі тое, што падабаецца ўсім. У выніку такіх кропак назбіралася некалькі – піца, чыпсы, музыка, сон.

Смех як рэакцыя на стрэс

Па словах удзельніц, уразіла практыкаванне на парушэнне фізічных межаў. Вядоўца падыходзіла да кожнага. І калі дзяўчынка пачынала адчуваць дыскамфорт, патрэбна было спыніць Святлану жэстам або мімікай. У выніку зусім блізка падысці атрымалася толькі да адной удзельніцы. На пытанне «А чаму без слоў?» Святлана адказала, што шмат інфармацыі пра нас людзі счытваюць невербальна, таму важна навучыцца адстойваць свае асабістыя межы без слоў.

– Адкрыла для сябе, што смех часам можа быць рэакцыяй на стрэс. А яшчэ тое, што калі нам падаецца, што нашы межы парушаюць, то гэта нам не падаецца. Іх сапраўды парушаюць. Нават калі нібы жартам і з усмешкай. Настойлівае патрабаванне нечага – гэта таксама парушэнне асабістых межаў, – падзялілася ўдзельніца Юля Ярашонак.

Дзяўчаты даведаліся, што межы бываюць фізічныя, эмацыйныя, сэксуальныя, інтэлектуальныя, матэрыяльныя. Адказваць на іх парушэнне можна рознымі паводзінамі – пасіўна маўчаць і цярпець, агрэсіўна парушаць межы ў адказ, а ў ідэале – адстойваць свае межы, не парушаючы межы іншых.

Менавіта апошняму віду паводзін – асертыўнаму – дзяўчат і вучылі на трэнінгу.

Топ-5 матывуючых выказванняў ад трэнера па выніках трэнінгу

  •  у мяне ёсць права рабіць памылкі і адчуваць сябе камфортна, прызнаючы іх
  •  у мяне ёсць права сказаць «Мне ўсё роўна»
  •  у мяне ёсць права быць няшчаснай або шчаслівай
  • у мяне ёсць права гаварыць «Я не разумею»
  • у мяне ёсць права не падстройвацца пад іншых і быць сабой.

Фотаздымкі Ірыны Тархан.

 

• Текст доступен на языке: Русский