У нядзелю, 1 снежня на рацэ Сівельга загінуў вадалаз. Ён займаўся пошукам зніклага 36-гадовага падводнага паляўнічага. У Мінскай абласной арганізацыі АСВОД глыбока перажываюць трагедыю, піша tut.by.

Загінулы Павел Уласаў каля 30 гадоў працаваў вадалазам. Калегі характарызуюць яго як вельмі дасведчанага спецыяліста, кажуць, што ён быў адным з лепшых.

— Ён быў начальнікам манеўрана-пошукавай групы Мінска, доўгі час працаваў у Мінскводаканале, — распавядаюць калегі. Манеўрана-пошукавая група займаецца пошукам зніклых без вестак, рэчыўных доказаў на вадзе. — Гэта быў адзін з лепшых сярод людзей, якія ходзяць па гэтай планеце. Вялікая трагедыя.

Пошукавая аперацыя на рацэ Сівельзе праходзіла 1 снежня. Як тлумачаць калегі загінулага, яна была дастаткова працяглай па часе, таму што ўчастак воднай паверхні быў вельмі вялікім, частка яго была пакрыта лёдам, а дзе мог знаходзіцца падводны паляўнічы, было невядома. Менавіта таму знайсці яго выратавальнікам было складана.

Сёння яго цела паднялі з вады. Павел Уласаў жыў у Мінску, у яго засталіся жонка і дачка. Ён быў нумізматам і філатэлістам, захапляўся гісторыяй. Як паведамляе СК, на месцы здарэння працягвае працу следча-аператыўная група. Прызначаныя судова-медыцынскія экспертызы для ўстанаўлення прычыны смерці мужчын. Усе абставіны здарэння высвятляюцца.