Я нарадзілася ў вёсцы Дубiна, закончыла там васьмігадовую школу. Цяпер жыву ў Мінску. Але ў Дубіне жыў да гэтага года бацька, а ў Палачанах – брат Аляксандр. Таму на Валожыншчыне i Маладзечаншчыне часты госць.

Мясціны вакол вёскі змяніліся, вось i захацела расказаць, як было ў маё юнацтва, каб моладзь лепш ведала гісторыю сваёй вёскі.

Торф – неад’емная частка жыцця вяскоўца

У той час у Дубіне ішла нарыхтоўка торфу, а для цяперашніх падлеткаў – гэта навіна. Пачыналася пасля таго, як вяскоўцы ўпраўляліся з агародам i заканчвалі садзіць бульбу. Цяперашняя моладзь запытае: «А навошта?». Торфам дубінцы палілі печы ў хатах. На гэта былі тры прычыны.

Па-першае, было блізка балота. Па-другое, бераглі лес. Па-трэцяе, торф лепш трымаў цяпло. Былі недахопы – гэта тое, што хаты былі закураныя. Людзі часцей мылі стол i праціралі сцены.

У часы нарыхтоўкі балота было падобнае да пчалінага вулля, усё гудзела. Хтосьці пра нешта апавядаў, нехта спяваў, а іншыя сварыліся ці заліваліся смехам.

Асаблiва гучна было ў поўдзень, людзі бераглі час i не хадзілі дамоў, а палуднавалі на балоце. Тады жанчыны заводзілі песні. Усё вакол замірала, нават стракозы пераставалі стракатаць. А конікі, здавалася, узбіраліся на верасок, нахіляліся да яго долу, уважліва слухалі дубінскія песні.

На балоце можна было пачуць аб усім. Калі навастрыць вушы, то можна даведацца не толькі пра вясковыя навіны, але і пра тое, што адбываецца ва ўсім свеце.

Тата Марыі Мучынскай.

Пачатак нарыхтоўкі

Кожны агароджваў сабе ўчастак, на якім размяшчалася месца для капання торфу i палянка, на якой ён сушыўся. На ўчастку, дзе збіраліся капаць, знімалі ўсю зямлю да ўшчыльненага тарфянога пласта. На глыбіню трыццаці сантыметраў капалі разаком некалькі радоў торфу ў першым пласце. Потым апускаліся ніжэй i капалі другі пласт. І вось так, адзін за другім да самага глею.

Па атрыманых прыступках рэзчык паднімаўся наверх. Чым ніжэй ён спускаўся, тым усе больш вільготнымі станавіліся тарфяныя пласты. Апошнія з іх амаль цалкам былі ў вадзе, а яе перад капаннем трэба вычарпаць.

Выразаныя цаглінкі падымалі наверх. Жонка i дзеці падхоплівалі кавалачкі, клалі іх на паляне, каб яны не краналіся адзін аднаго. Торф прасыхаў, яго пераварочвалі, складвалі ў домікі, затым у кучкі i штабялі. Штабялі пакрывалі цыратай, бо не было часу звозіць дамоў – пачынаўся сенакос. Торф звозілі ў хлявы тады, калі ён нагадваў буханку хлеба з падсмажанымі скарыначкамі.

Як прыдумалі разак

Аднойчы бацька сказаў, што разак для нарыхтоўкі торфу прыдумаў дзед, калі капаў студню. Тады падумала, што дзед, напэўна, прывёз гэту прыладу ў вёску з Усходу, калі ездзіў здабываць соль. Калі вучылася ў педвучылішчы, успомніла аб гэтым i запыталася пра разак у дзяўчынак з Палесся. Яны на мяне глядзелі вялікімі вачыма i не разумелі, пра які разак ідзе размова. Аказалася, што яны капаюць торф лапатай. Так мы i разышліся: яны не зразумелі мой разак, а я – іх лапату.

Вось цяпер, калі з’явіўся інтэрнэт, я задала гэта пытанне яму, але мой разак ён таксама не зразумеў. А на маё пытанне аб прыладах для нарыхтоўкі торфу выдаў шэраг вельмі нязграбных, у параўнанні з нашым разаком, прыстасаванняў.

Цяпер я ўпэўненая, што гэта прылада сапраўды нарадзілася ў Дубіне. Няважна, хто яе з дубiнцоў прыдумаў, а можа, i калектыўна: адзін прапанаваў, другі ўдасканаліў, а ў выніку атрымалася эстэтычнае прыстасаванне.

Такім разаком дубінцы здабывалі торф.

Дабывалі торф не толькі рукамі

На дубінскім балоце торф здабывалі механізаваным спосабам. У пасёлку Беразінскае ў 1959 годзе пабудавалі торфабрыкетны завод, там працавала многа дубінцоў.

За апошнія дваццаць гадоў змяніўся ландшафт вакол Дубіны. На тым месцы, дзе цяпер разросся хмызняк, у час майго дзяцінства i юнацтва было асушанае балота. Участак быў парэзаны канавамі, па якіх цякла вада. Плошчы, якія ляжалі паміж канаў, называлі картамі.

На трактарах з прычэпленымі да іх прыстасаваннямі ўзрыхлялі карты, а пры дапамозе торфаўборачных машын збіралі тарфяную крошку i згружалі ў караваны. Зверху яе варушылі i раўнялі, каб хутчэй прасыхалі. Калі тарфяная крошка ў караванах высыхала, яе загружалі ў вагоны i па вузкакалейцы адвозілі на завод, з якой нашы продкі рабілі брыкет.

«Матрыса», завязіце мяне ў Дубіну

Ад Узбалаці да Беразінскага праклалі вузкакалейку, па якой хадзілі матавозы як грузавыя, так i тыя, што перавозілі людзей. Іх называлі пасажыркамі. Хадзіў маленькі вагончык, які нагадваў электрычку ў мініяцюры. Дубінцы далі яму назву «Матрыса». Аднойчы да Карзюкоў ехаў брат з сям’ёй з Масквы. Калі ён прыехаў з Маладзечна ў Беразiнскае, то спадарожнікі падказалі, што па вузкакалейцы можна даехаць да Дубіны.

Масквіч пайшоў да дыспетчара i папрасіў яго давезці да сястры. Той не раздумваючы адказаў, што вось зараз прыйдзе «Матрыса» i ўсе паедуць у Дубіну. Госць чакаў, пакуль да дыспетчара не падышла зграбная жанчынка, якая працавала дзяжурнай. Масквіч віхрам ускочыў з месца, бо баяўся прапусціць, падбег да гэтай кабеты i запытаў: «Гэта вы, Матрыса, завязіце мяне ў Дубіну». Пачуўшы гэта, усе развесяліліся. Рагаталі з намі i кабета, i ён сам. Дубінцы – не толькі працавітыя, але i жартаўлівыя.

Шчаслівае дзяцінства дубінцоў

А якое раздолле было для дзяцей. На кардонках ці на кавалачках фанеры з’язджалі з тарфяных караванаў, як са снежных горак, а потым, усе мурзатыя ад торфу, з вялікім задавальненнем бегалі па канавах i лавілі рыбак. У канавах вадзіліся ваўчкі i келбачкi. Дзетвара з дапамогай кошыка альбо рукамі іх лавіла. Ваўчкі калолі рукі, а келбачкi былі слізкія. Шмат смяяліся, калі спрабавалі схапіць гэту невялічкую рыбку, а яна як вуж выкручвалася, магла падскочыць ды хвастом пацалаваць цябе у нос.

На тым месцы, дзе цяпер разлівы, быў участак – Багер. Там з крана цякла газіраваная вада, а дзетвара бегала яе піць. Бацькі вярталіся з работы і неслі за плячыма па мяшку з грыбамі: беленькія на тоўстай ножцы, нагадвалі баравiчкi. Калі ў хаце былі грыбочкi з балота, то на лясныя ты не звяртаў увагі. Цяпер, ва ўзросце, часта смуткуеш аб тых добрых гадзінах дзяцінства i вельмі хочацца папіць газiроўкi i з’есці салодкіх грыбочкаў.