Адзін з маладзечанскіх магазінаў 1 снежня бясплатна раздаваў «некандыцыйны» тавар, а таксама адзенне са старых калекцый, піша mlyn.by.
– Людзі пачалі прыходзіць задоўга да адкрыцця, – кажа дырэктар крамы Алег. – Мы спецыяльна пачалі працу крыху раней, каб не ствараць натоўп каля ўваходу. Можна было ўзяць бясплатна па чатыры рэчы ў адны рукі. Адзенне была рознае – для жанчын, дзяцей, няшмат для мужчын.
Некаторыя наведвальнікі ў падзяку частавалі прадаўцоў шакаладкамі. Убачыўшы аб’яву ў сацсетках, многія гараджане адразу не паверылі, што на самой справе не трэба будзе плаціць. Але ўсё ж прыйшлі паглядзець.
Сяргей узяў кашулю, мужчынскія і жаночыя джынсы. Рэчы добрыя, можна насіць.
Галоўнае, што за нуль рублёў.
Маладзечанец прыйшоў з сябрам Дзмітрыем, які таксама ўзяў джынсы – «на выхад» і двое штаноў на працу. Алена абрала купальнік, плашч, штаны.
– Рэчы добрыя, новыя, – кажа яна. – Калі па памеры не падыдуць, аддам сваякам. Маладзечанскім прадпрымальнікам трэба часцей наладжваць такія акцыі: і ад лішняга тавару пазбавяцца, і для людзей зробяць добрую справу.
Акрамя адзення можна было бясплатна ўзяць чахол для мабільнага тэлефона. Маладзечанцы прыходзілі з сям’ёй і сябрамі, а да абеду ўжо разабралі большасць рэчаў.
• Текст доступен на языке: Русский