Бізнес-інкубатар у Камарове дапамагае ахвотным стварыць уласны бізнес. За два гады 60 чалавек прайшлі навучанне па маркетынгу і бізнэс-планаванні. Трэць з іх атрымалі стартавы капітал ад праекта Еўрапейскага саюза па развіцці сельскіх тэрыторый.
Вёска Камарова знаходзіцца ў Мядзельскім раёне. Яна стала вядомай на ўсю краіну і за яе межамі дзякуючы таму, што тут працуе адзіны ў Беларусі Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва. Галоўным натхняльнікам бізнес-інкубатару стаў Эдуард Вайцяховіч. Па яго словах, у вёсках нашмат прасцей займацца бізнесам, а цяпер сельская гаспадарка – перспектыўны накірунак. У бізнес-інкубатары дапамагаюць зразумець, як пабудаваць уласнае прадпрыемства.

Ілля Агаркоў са Смаргоні, Аляксандра Чыжэўская з Зарудзічаў Смаргонскага раёна і сям’я Трыбулёвых з хутара Чары Астравецкага раёна паспяхова развіваюць свае праекты. Бізнесмены аддаюць перавагу сельскай мясцовасці, экалагічнасці прадуктаў і прадпрыемстваў.
«Супрацоўнікі павінны быць адказнымі і не гідлівымі»
Ілля Агаркоў са Смаргоні адкрыў сваю экаферму ў родным горадзе. Ён кажа, што ішоў да ідэі вырошчваць апарышаў ад пачатку 2000-х, але рабіў гэта ва ўласнае задавальненне. Ілля – рыбак, таму самастойна вырошчваў апарышаў для рыбалкі.

Адкрыў бізнес пару год таму і цяпер стараецца выйсці на акупляльнасць. Калі ён толькі пачынаў вырошчваць апарышаў, на беларускім рынку пераважна былі апарышы польскай вытворчасці. Цяпер сітуацыя змянілася, і дамінуюць беларускія вытворцы. Ілля таксама адзначае, што бярэ на працу не ўсіх запар.

– Вельмі важна, каб чалавек быў не гідлівым. Мы ж працуем з апарышамі. Яшчэ важна, каб работнікі былі адказныя. Калі чалавек адцягне або забудзе пра тэмпературу ў інсектарыуме, то прадпрыемства можа прастаяць два тыдні.

Агаркоў прызнаецца, што рыбачыў у гэтым годзе ўсяго пяць хвілін. Уласны бізнес забірае шмат часу, а ў дзень ён працуе прыкладна па 14 гадзін.
Сямейная справа сталяроў
Аляксандра Чыжэўская пасля навучання ў бізнес-інкубатары наладзіла вытворчасць экалагічных драўляных вокнаў. Аляксандра жыла ў Мінску, пяць гадоў таму вярнулася на малую радзіму і стала калегам бацькі.

Яе бацька працаваў у сталярнай майстэрні. Цяпер робіць мэблю, дзверы і лесвіцы. Аляксандра вырашыла працягваць сямейную справу. Над вокнамі ў майстэрні працуюць сем работнікаў, 90% прадукцыі ідзе на экспарт.

Аляксандра кажа, што ў вёсцы жыць камфортна, але ў апошні час з’яўляюцца праблемы, якія могуць паўплываць на якасць жыцця. Напрыклад, у суседнім Залессі хацелі закрыць амбулаторыю.
Гукі Тыбету на астравецкім хутары
Алена і Юры Трыбулёвы займаюцца экатурызмам. У іх ёсць аграсядзіба на хутары Чара ў Астравецкім раёне. Трыбулёвы ладзяць туры, у якіх акрамя вясковага спакою і цішыні прапаноўваюць гукавы масаж.

Юры распавядае, што гэта не навінка ў Еўропе, а ў Беларусі такі тып масажу з’явіўся нядаўна. Алена і Юры праводзяць сеансы для кліентаў разам. У арсенале Трыбулёвых ёсць разнастайныя гонгі, чашы і нават гуслі.
– Я шукаю інструменты для масажу ва ўсіх краінах і кутках. Напрыклад, чашы мне даюць з розных манастыроў з Беларусі і бліжэйшага замежжа, – дзеліцца Трыбулёў.

Трыбулёвы ўпэўненыя, гукавы масаж – гэта тое, што неабходна чалавеку, які працуе ў вялікім горадзе.
– Сучасны чалавек перанасычаны інфармацыяй. Ён адчувае сябе стомленым, не можа адпачыць, а музычныя гукі даюць хуткае паслабленне, – кажа Алена.
На працягу некалькіх гадоў выхаванцы камароўскага бізнес-інкубатара пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза развіваюць бізнес у сельскай мясцовасці. Вайцяховіч упэўненыя, што таму, чаму ён навучае ў Камарове, дапаможа беларускім прадпрымальнікам не толькі зрабіць паспяховы праект, але і даць у раёнах новыя працоўныя месцы.