На месцы здарэння. Фота УУС Мінаблвыканкама.

У Маладзечанскі РАУС звярнулася 51-гадовая жыхарка Радашкавічаў. Жанчына паведаміла, што невядомы пранік у жылы дом і выкраў два мабільныя тэлефоны, прадукты, набор нажоў і старыя манеты. Шкоду заяўніца ацаніла ў 224 рублі.

Па ўказаным адрасе прыбылі праваахоўнікі. Устанавілі, што ў жыллё зламыснік пранік праз фортку. Гаспадыня забылася яе закрыць. Міліцыянеры выйшлі на след падазраванага. Гэта быў мясцовы жыхар, які ў пачатку года вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі. Мужчыну затрымалі ў Радашкавічах і даставілі для разбору ў Маладзечанскі РАУС.

26-гадовы беспрацоўны жыхар Радашкавічаў прызнаўся ў зробленым. Растлумачыў, што чужую маёмасць хацеў прадаць, а на выручаныя грошы купіць спіртное і закуску.

У мужчыны знайшлі скрадзены смартфон. Другі мабільнік, паводле слоў затрыманага, ён даў гарадскім прыяцелям. Па месцы жыхарства фігуранта аператыўнікі канфіскавалі манеты заяўніцы. Набор нажоў падазраваны кінуў па шляху дадому, на старых яўрэйскіх могілках.

У біяграфіі фігуранта ўжо не адна судзімасць за крадзяжы. У дзеяннях мужчыны праваахоўнікі ўгледжваюць прыкметы складу злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 205 КК Рэспублікі Беларусь. Зламысніку пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.