Фота pikabu.ru.

Днямі на сайце Маладзечанскага лясгаса з’явілася відэа, дзе па лясной сцяжыне гуляе воўк. Яго зафіксавала фотапастка ў вёсцы Белева, у Гарадоцкім лясніцтве.

Мы звязаліся з Маладзечанскім лясгасам, распыталі пра выпадак і пра ваўкоў у лясах Маладзечаншчыны.

Як расказалі спецыялісты, для большасці ваўкоў праз лясы Маладзечаншчыны проста пралягае маршрут. Яны тут не жывуць, не выводзяць ваўчанят. Праз нашы лясы яны ідуць да іншых месцаў. Для ваўкоў дзвесце-трыста кіламетраў – гэта не адлегласць, кажуць спецыялісты.

– Дзіўна тое, што воўк зайшоў у лес да Белева. Часцей іх можна сустрэць каля Селішча, бо ідуць з боку Вілейскага раёна, – кажа намеснік дырэктара Маладзечанскага лясгаса Віталь Дземеш.

Па яго словах, спецыялісты лясгаса сочаць за колькасцю ваўкоў. Для гэтага ёсць фотапасткі, зімой арыентуюцца па слядах. Часам пра тое, што з’явіўся воўк падказваюць паляўнічыя і жыхары бліжэйшых вёсак. Каб ваўкі не нанеслі шкоду людзям, а таксама аленям і казулям, работнікі лясніцтва праводзяць аблавы.

Каб не сустрэцца з ваўком, спецыялісты раяць не паводзіць сябе ў лесе вельмі ціха. Лепш хруснуць галінкай, пастукаць. Звер не стане сам шукаць сустрэчы, кажуць у лясгасе.

 

• Текст доступен на языке: Русский