Фота mir24.tv.

У канцы лістапада ў Екацерынбургу знайшлі цела 9-гадовага хлопчыка. Высветлілася, што яго бацькі — члены секты «Сведкі Хрыста», якую арганізавала нейкая Земфіра Гайнуліна, якая сама сябе называе «Фамар».

40-гадовы Іван Казанцаў сек сына розгамі, заткнуўшы малому рот кляпам. У выніку, хлопчык задыхнуўся, тады Казанцаў паклікаў Гайнуліну, каб тая ажывіла малога. Не атрымалася. Тады цела хлопца закапалі ў парку.

Іван Казанцаў з жонкай пэўны час жылі ў Беларусі: ён расіянін, але жонка мае беларускае грамадзянства. Беларусам быў і іх забіты сын.

Але нядаўна стала вядома, што ў тую ж секту сышла яшчэ адна беларуска. Жыхарка Баранавіч Кацярына Гутырчык узяла дваіх малых дзяцей і з’ехала ў Расію.

Кацярына Гутырчык

«Наша Ніва» звязалася з мужам Кацярыны. Мужчына паведаміў, што дзяцей ужо вярнулі дадому.

Цяпер ён знаходзіцца ў Екацярынбургу, займаецца ці то пошукамі жонкі, ці то яе вызваленнем з секты. Падрабязна каментаваць гісторыю мужчына не захацеў.

Іншыя сваякі Кацярыны Гутырчык таксама катэгарычна адмовіліся ад каментараў.

Вядома толькі, што як і сям’я Казанцавых, Гутырчык павыдаляла ўсе свае акаунты ў сацсетках. Некалькі тыдняў таму яна ўзяла дзяцей і знікла.

Земфіра Гайнуліна, як яна сама пра сябе кажа, былая прадавачка, якая ў 2011 годзе ў сне адчула «божы дух» і пачала прапаведаваць, змешваючы біблейскія гісторыі з уласнымі хворымі выдумкамі. Гайнуліна таксама запісвае на відэа свае «хрысціянскія» спевы пад гітару, выкладвае іх на Ютубе.

Цікава, што ў ВК ці Аднакласніках Гайнуліна і яе прыхільнікі выдаляюць свае акаўнты, затое рэгіструюцца ў твітары, дзе «прапаведуюць». Твітар-акаўнты створаныя нават малым дзецям.

Сама Гайнуліна ў твітары на рускай і англійскай мовах распавядае байкі, напрыклад, як у яе сына захрасла костка ў горле, а бог прымусіў яе знікнуць. Усе твітар-акаўнты вядуцца пад новымі «хрысціянскімі» імёнамі: Фамар, Давід, Марыя… Іван Казанцаў, які засек сына да смерці, меў імя «Пётр».

• Текст доступен на языке: Русский