Больш за месяц пасля дажджоў кватэру жыхаркі Маладзечна Ірыны Мікалаеўны залівае вадой. Са скаргай жанчына патэлефанавала на прамую лінію Мінаблвыканкама, піша mlyn.by.
Заяўніца распавяла, што жыве ў кватэры на апошнім паверсе пяціпавярховага дома. Цечы ў даху яна заўважыла крыху больш за месяц таму. Звярнулася ў службу 115. Па заяўцы некалькі разоў прыходзілі камунальнікі. Але знайсці і ліквідаваць прычыну цечы ім не ўдалося.
– Першапачаткова вада цякла толькі з аднаго месца. Потым прыйшла рамонтная брыгада і паспрабавала зрабіць хоць што-небудзь. Аднак потым я звярнула ўвагу, што вада стала трапляць у кватэру і з іншых месцаў, – патлумачыла Ірына Мікалаеўна.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, якая дзяжурыла на прамой лініі, даручыла вырашыць праблему мясцовым уладам і адпаведным службам. Неўзабаве яны вывучаць пытанне і пры неабходнасці прымуць меры па рамонце даху.
Нагадаем, што летам мы пісалі пра тое, як у Маладзечне пакутуюць падчас дажджу жыхары дома 108 па Гарадоцкай. Толькі там дом залівала знізу.
• Текст доступен на языке: Русский