7 снежня ў расійскім Сочы адбудзецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Чакаецца, што ў выніку сустрэчы падпішуць праграму «паглыбленьня інтэграцыі» між Беларусьсю і Расіяй. Між тым, гісторыя «інтэграцыі» налічвае больш як два дзесяцігодзьдзі і пачалася яшчэ да абрання Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам.

1992. 15 мая ў Ташкенце з ініцыятывы Масквы на сустрэчы кіраўнікоў СНД падпісаная Дамова аб Калектыўнай бяспецы (ДКБ), у якой удзельнічаюць Расія, Армэнія, Казахстан, Кіргызстан, Таджыкістан і Узбэкістан. Беларусь Дамову не падпісвае.

19938 верасня падпісана Пагадненне аб аб’яднаньні грашовых сыстэм Рэспублікі Беларусь і Расійскай Фэдэрацыі. Заканадаўчыя і тэхнічныя ўмовы павінны былі быць створаныя да 1 студзеня 1994 г.

Нягледзячы на пратэсты Апазыцыі БНФ, большасьць дэпутатаў Вярхоўнага Савета прымае рашэнне аб далучэнні Беларусі да сыстэмы Калектыўнай бяспекі СНД (ДКБ). БНФ заяўляе, што гэта супярэчыць прынцыпу нэўтралітэту, заяўленаму ў Дэкларацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч адмаўляецца падпісваць дакумэнт, аднак 31 снежня 1993 г. ставіць подпіс пад паведамленнем аб далучэнні да ДКБ.

1995. У сакавіку Аляксандар Лукашэнка ініцыюе рэфэрэндум пра змену дзяржаўнай сымболікі, ліквідацыю статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. У часе агітацыі і правядзення рэфэрэндуму 14 мая назіральнікі фіксуюць парушэнні, аднак Лукашэнка зацвярджае ягоныя вынікі сваім указам.

1996. 15 сакавіка Дзярждума РФ прымае пастанову «Аб паглыбленьні інтэграцыі…» і дэнансуе Белавескія пагадненьні 1991 г.

Прэзыдэнт Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка заяўляюць пра намер стварыць беларуска-расійскую супольнасьць.

24 сакавіка, у дзень адзначэння ўгодкаў БНР, на вуліцы Мінску выходзіць да 40 тысяч чалавек з пратэстам супраць інтэграцыі. Спэцвойскі МУС жорстка збіваюць удзельнікаў акцыі.

2 красавіка падпісваецца дамова аб утварэньні Супольнасьці Беларусі і Расеі. У Менску ў шэсьці пратэсту бярэ ўдзел да 30 тысяч чалавек. 26 красавіка на Чарнобыльскі шлях з лёзунгамі супраць аб’яднаньня Беларусі і Расеі выходзяць да 50 тысяч чалавек.

29 красавіка ў Санкт-Пецярбургу падпісваецца пагадненне аб Парламенцкім сходзе Беларусі і Расіі.

1997. 2 красавіка ў Крамлі Ельцын і Лукашэнка падпісваюць Дамову аб стварэнні Саюзу Беларусі і Расіі. 23 мая падпісваецца Статут Саюза, фармуюцца Вышэйшая рада і Выканаўчы камітэт, Парламенцкі сход, ствараюцца Мытны і Памежны камітэты.

1998. 25 снежня Ельцын і Лукашэнка падпісваюць Дамову аб далейшым яднанні Беларусі і Расіі, якая, сярод іншага, прадугледжвае ўвядзенне адзінай валюты.

1999. 8 снежня ў Крамлі Ельцын і Лукашэнка падпісваюць Дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Дамова прадугледжвала стварэнне Вышэйшай дзяржаўнай рады, Рады міністраў, сталага камітэту саюзнай дзяржавы і шэраг выканаўчых структураў, у тым ліку Памежны і Мытны камітэты. Таксама пацверджаны намер увесьці адзіную валюту.

«Падпісаная дамова — гістарычная і лёсавызначальная. Гэта той падмурак, на якім мы ўвойдзем у трэцяе тысячагодздзе»— заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Гэта, увогуле — злачынства стагодздзя. У адносінах да беларускай нацыі — гэта, безумоўна, генацыд, гэта — канец яе гісторыі», — у той жа дзень камэнтуе дамову ў эфіры Радыё Свабода Васіль Быкаў.

Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы ад 2011 г. з’яўляецца Георгі Рапота (н. 1944) — кадравы афіцэр КДБ, генэрал-лейтэнант, з 1994 па 1998 — намеснік кіраўніка Службы знешняй выведкі РФ, былы генэральны дырэктар кампаніі «Россвооружение».

2001. Беларусь далучаецца да Эўразійскай эканамічнай супольнасці (з 2015 — Эўразійскі эканамічны саюз).

2003. Прэзыдэнт Расіі Уладзімер Пуцін прапануе правесці ў Расіі і Беларусі рэфэрэндум аб саюзнай канстытуцыі, і адначасна з расійскімі парламенцкімі выбарамі выбраць агульнага прэзыдэнта і агульны парлямэнт.

2007. Старшыня праўлення Нацыянальнага банку Беларусі Пётр Пракаповіч заяўляе, што з 2007 года ў Беларусі будзе ўведзеная адзіная валюта Беларусі і Расіі.

2010. 7 ліпеня Беларусь далучаецца да Мытнага саюзу, у якім знаходзяцца Расія і Казахстан.

2018. 13 снежня прэм’ер-міністар Дзмітры Мядзведзеў заяўляе, што Расія будзе праводзіць агульную палітыку ў галіне цэна- і тарыфаўтварэння толькі ў тым выпадку, калі будзе рэалізаваная дамова аб Саюзнай дзяржаве:

«Хачу асабліва падкрэсліць: Расія гатовая і далей прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты ў тым парадку, які прадугледжаны Дамовай аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 году».

«Паглыбленне інтэграцыі» Беларусі і Расіі. Што важна ведаць

  • 7 снежня ў расійскім Сочы пройдзе сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Чакаецца, што ў выніку сустрэчы будзе падпісаная праграма «паглыблення інтэграцыі» між Беларусьсю і Расіяй.
  • Урады Беларусі і Расіі збіраліся ўзгадніць 31 дарожную мапу (папярэднія пляны) інтэграцыі, але дагэтуль не пагадзіліся ў пытаньнях энэргетыкі, доступу да рынкаў, мытнага і падатковага заканадаўства — узгаднілі толькі 21.
  • Што менавіта збіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў дарожных мапах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыблення інтэграцыі» пачалася з перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі», як прызнаў беларускі бок, няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разлічылі без яе.
  • У канцы 2018 году расійскі прэм’ер Дзмітры Мядзьведзеў заявіў, што Расія гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэння» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагаднення аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандр Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расіі. Гэтага нк будзе ніколі». Беларусь не адмовілася ад «паглыблення інтэграцыі», але выкананне ўмоваў «ультыматуму Мядзьведзева» не анансавалася.
  • Расія ж настойвае, што падатковы манэўр — гэта ейнае «сувэрэннае права», а патрабаванне кампэнсацыі некарэктнае. Акрамя таго, Беларусь усё яшчэ чакае ад Расіі кампэнсацыі за брудную нафту, а расійскі бок не пагаджаецца з беларускімі разлікамі ўчыненай шкоды.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расійцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 снежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасці Беларусі», а 4 снежня супраць інтэграцыі выступілі папулярныя беларускія Telegram-каналы.