Некалі велічны палац-фартэцыя ў Гальшанах на Ашмяншчыне, які многія лічаць правобразам гістарычна-прыгодніцкага раману Уладзімера Караткевіча «Чорны замак Альшанскі», дайшоў да нашых дзён у руінах. Цяпер рэстаўратары спрабуюць захаваць фрагмэнты муроў, скляпенні і адзіную вежу.
Белая панна ў падвальным музэі
Канцэпцыя аднаўлення парэшткаў аднаго з найцікавейшых архітэктурных комплексаў на тэрыторыі Беларусі распрацаваная яшчэ 10 гадоў таму. Асноўная ўвага засяроджваецца на паўночнай вежы і паўночна-ўсходнім корпусе, якія захавалі вонкавыя формы.


Прадугледжана некалькі этапаў кансэрвацыі з фрагмэнтарнай рэстаўрацыяй, на што з прэзыдэнцкага спэцыяльнага фонду падтрымкі культуры і мастацтва ўжо накіраваны прыблізна 1 мільён рублёў. Першы пачаўся ў 2013-м з расчысткі завалаў: адкапалі ніжнія паверхі, вывезьлі тоны друзу, склалі аўтэнтычныя матэрыялы.
За другі ўзяліся летась — пачалі аднаўляць вежу на падставе арыгінальнай гравюры 1812 году. Яе атынкавалі, пакрылі дахоўкай і ўмацавалі флюгер з гербам роду Сапегаў — «Ліс».


Сёлета пачалі даводзіць да ладу колішнюю парадную залю. Будаўнікі ўмацоўваюць калёны і аркі скляпенняў, адкапаныя з-пад шматмятровага пласта зямлі. Акрамя аўтэнтычнай цэглы-«пальчаткі», выкарыстоўваюцца сучасныя матэрыялы і арматура дзеля ўмацаваньня канструкцыі пад дахам. Каб адкрытыя паверхні не разбураліся ад дажджу і снегу, верх калёнаў і арак пакрываюць полікарбанатам.
Завяршаецца ўзьвядзенне агляднай пляцоўкі: да другога паверху вежы можна падняцца жалезнымі прыступкамі і ацаніць маштаб руінаў. Сумяшчэнне стыляў і спосабаў рэстаўрацыі — тынкоўка вежы і муры з сучаснай цэглы — свядомае. Паводле мэтадыста ў пытаннях музэяў і гісторыка-культурнай спадчыны Ашмянскага раённага цэнтру культуры Сяргея Жыліка, толькі так можна паказаць архітэктурныя напластаванні, бо ў кожную эпоху замак выглядаў па-рознаму.


«Сёлета ў Паўночнай вежы будуць завершаныя ўсе падрыхтоўчыя ўнутраныя работы, а ўжо дэкаратыўныя запланаваныя налета. Фінансаванне на гэтыя мэты ёсць, праблем не павінна ўзнікнуць, — патлумачыў Свабодзе Сяргей Жылік. — Адзінае, удакладню, што экспазыцыя плануецца толькі ў вежы, скляпенні будуць закансэрваваныя ў цяперашнім выглядзе — з улікам гідраізаляцыі арак і калоннаў».
Паводле суразмоўцы, унутры вежы маюць аднавіць роспіс і ляпніну, паставіць стылізаваны камінок. У яе падвальных пакоях адкрыецца экспазыцыя артэфактаў, знойдзеных падчас археалагічных раскопак. З’явіцца макет замку і прадметы тагачаснага інтэр’еру, партрэты былых уладальнікаў, копіі дакумэнтаў. Арганізатары абяцаюць, што пакінуць месца і містычнай гісторыі з Белай паннай і Чорным манахам.


Паралельна добраўпарадкуюць тэрыторыю — пракладаюць ходнікі, закладаюць паркінг, мантуюць падсвятленне, пазней пабудуюць турыстычны цэнтар з сувэнірнай крамай і прыбіральняй.
Водпуск за гістарычныя цагліны
Паводле гістарычных зьвестак — «Хроніка Быхаўца», «Хроніка Літоўская і Жамойцкая», «Наўгародзкі летапіс» — да 1525 году замак быў ва ўладанні князёў Гальшанскіх, а пасля шлюбу князёўны Алены з Паўлам Сапегам перайшоў да прадстаўнікоў гэтага роду. Цягам гісторыі комплекс шмат разоў разбураўся і перабудоўваўся.


Маштаб помніку можна ўявіць нават па яго руінах. У архітэктурным плане ён чымсьці нагадвае Мірскі — у абодвух выпадках дамінавалі кутнія і муравыя вежы, іх было ажно шэсць (захавалася толькі адна, і тая ва ўсечаным выглядзе). Па ўсім перыметры былі абсталяваныя жылыя пакоі.
Гальшанскі замак буйнейшы за Мірскі, хоць сёння візуальнае параўнанне не на яго карысць: 86 на 98 мэтраў супраць Мірскага «квадрату» — 75 на 75. Пры гэтым Гальшаны не пазыцыянаваліся як фартэцыя, а знадворнае ўбранства больш нагадвала палац. Абарончую функцыю выконвалі стратэгічнае ўзвышша і рвы з вадой.
Замак атрымаў ад сучаснікаў красамоўную назву «Каменная кветка», але пры гэтым выконваў збольшага транзытныя функцыі — тут Сапегі спыняліся на шляху да эўрапейскіх сталіц. Гэта не адбілася на багацці вонкавага і ўнутранага аздаблення. Тут былі ляпніна на столі і камінах, падлога з тэракотавых плітак, прыгожа аздобленыя кафляныя печы.


Жывапісную калекцыю, унікальную бібліятэку і выставу зброі дапаўнялі сыстэма ацяплення, водаправод і каналізацыя. Не ўсе гальшанцы могуць пахваліцца іх наяўнасцю і ў ХХІ стагодздзі. Не пашкадавалі сродкаў і на штучныя азёры, дно якіх было выкладзенае дарагой пліткай. Пасьля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай «Каменная кветка» пераходзіла з рук у рукі, пакуль канчаткова ня «звяла».
Пачатак маштабнаму руйнаванню замка ў канцы ХІХ стагодздзя паклаў расійскі памешчык Гарбанёў: падрываў вежы і муры, зарабляючы на продажы цэглы мясцоваму люду. Але яшчэ да прыходу ў 1939 годзе на заходнія землі Беларусі бальшавікоў у рэштках замку жылі з дзясятак сем’яў. За саветамі ўсякі напамін пра буржуазны лад быў вынішчаны, а цэгла-«пальчатка» сярэднявечных майстроў пайшла на калгасныя патрэбы. Культурны пласт канчаткова знік, калі побач збудавалі кароўнік і выкапалі сіласныя ямы.


У найноўшы час у замку разьмяшчалася пчалярская вучэльня. На загад тагачаснага кіраўніцтва кожны вучань мусіў здабыць 80 цаглін для будоўлі Дому культуры ў Гальшанах. За выкананую справу давалі дадатковы водпуск дадому. Так навучэнцы сваімі рукамі разбуралі шматгадовую гісторыю мястэчка.
Аўтэнтыка сучасных Гальшанаў
Праектная арганізацыя, адказная за прыстасаванне замкавых руінаў да сённяшніх рэаліяй, — Беларускі камітэт ICOMOS.


«Для ўсіх гістарычных аб’ектаў мае быць дакладна вызначаная задача: рэстаўрацыя з прыстасаваннем пад сучаснае прызначэнне, — перакананы кіраўнік праектнага бюро арганізацыі Ігар Раханскі. — Кансэрвацыя з фрагмэнтарнай рэстаўрацыяй — першы пункт у складаным працэсе сацыяльна-культурнага, навуковага і будаўнічага праектавання. Каб удыхнуць у замак сапраўднае жыцьцё, трэба рэалізоўваць на яго аснове сучасныя сацыяльна-культурныя праекты. Дадатковыя канструкцыі, якія вы бачыце, — толькі неабходная інфраструктура для гэтых задачаў».
Нягледзячы на руйнаванні, якія цягам усёй гісторыі пераследавалі Гальшаны, тут і сёння ёсць на што падзівіцца. Напрыклад, двухпавярховы жылы корпус францішканскага кляштара. Ён заснаваны Сапегамі ў XVI стагодздзі. Тут жа касцёл з брамай-званіцай, які выконваў ролю кляштарнай святыні. Пасля паўстання 1830–31 гадоў кляштар быў закрыты, у ім атабарыўся расейскі вайсковы гарнізон.


У час наступных буйных выступаў 1863–64 гадоў адзін з тутэйшых арганізатараў Зыгмунт Мінейка планаваў зрабіць Гальшаны цэнтрам паўстання ў павеце, але неўзабаве ягоны аддзел быў разбіты. З ацалелых культавых пабудоваў таксама звяртае на сябе ўвагу Свята-Георгіеўская царква, налета ёй будзе 120 гадоў.


Бадай, у Беларусі няма больш аналягаў жылой забудове, датаванай канцом XIX стагодздзя. На вуліцах Замкавай і Трабскай дагэтуль стаяць добра захаваныя мураваныя дамы рамеснікаў і купцоў, а таксама колішнія будынкі карчмы, крамаў, майстэрняў і гандлёвыя рады на былой рынкавай плошчы. Акрамя штотыднёвых, некалькі разоў на год у мястэчку ладзіліся буйныя кірмашы, дзе месцічы выстаўлялі свае спэцыфічныя тавары — вязаныя рукавіцы, панчохі, «гальшанскія каптаны».
Таксама ўдалося захаваць арыгінальны будынак гміны — за Польшчай Гальшаны былі цэнтрам гміны Ашмянскага павету.


Але многія помнікі, якія б сталі жывым сведчаньнем прамінулай эпохі, страчаныя. Вядома, што ў міжваенны час у Гальшанах дзейнічалі суд, дзве яўрэйскія і польская школы, сінагога, яўрэйскі банк, крэдытна-ашчадная каса, пастаялы двор, пошта, тэлефонная станцыя, аптэка, паліцэйскі пастарунак.