Фота belpartisan.by.

З 1 студзеня 2020 года беларусы будуць па новых правілах увозіць з-за мяжы непадзельныя тавары, вага якіх перавышае 35 кілаграмаў. Пра гэта паведамляе Гродзенская рэгіянальная мытня.

Непадзельным лічыцца тавар, вага якога больш за 35 кілаграмаў. Гэта адзін прадмет у сабраным або разабраным выглядзе, у тым ліку некамплектнам або незавершаным, падзел якога прывядзе да змены яго прызначэння. Пры узважванні ўлічваецца вага ўпакоўкі, у якой прадавалася рэч, без якой яна не можа абыходзіцца да таго, як ёю пачнуць карыстацца.

Цяпер незалежна ад кошту непадзельнага тавару, яго вагі і частоты перасячэння вамі мяжы трэба заплаціць мытныя пошліны, падаткі па адзінай стаўцы 30% ад кошту, але не менш як 4 еўра за 1 кiлаграм агульнай вагі.

Як зменіцца мытная пошліна?

Мытнікі прыводзяць прыклад з увозам посудамыйнай машыны вагой 36 кілаграмаў і коштам 300 еўра. Зараз за яе ўвоз трэба выплаціць мытную пошліну 144 еўра (гэта значыць 36 кг памнажаем на 4 еўра = 144 еўра). Дадаткова трэба аплаціць збор за мытныя аперацыі ў 10 рублёў.

З 1 студзеня 2020 года пад увоз такой посудамыйнай машыны трэба будзе заплаціць пошліну ў 44 еўра + 10 рублёў збору. Але гэта сума для тых, хто перасякае мяжу не часцей чым раз у тры месяцы. Гэта значыць посудамыйная машына ўпісваецца ў ліміты па кошту (500 еўра), але перавышае ліміты па вазе (25 кілаграмаў) – на 11 кілаграмаў (36 – 25 = 11).

Цяпер беларусы могуць бяспошлінна ўвезці ў Беларусь тавары на 500 еўра і вагой да 25 кілаграмаў. Пры ўездзе часцей за адзін раз у 3 каляндарных месяца норма бяспошліннага ўвозу тавараў складае 300 еўра і 20 кілаграмаў.

Калі завезці гэтую посудамыйную машыну захоча беларус, які перасякае мяжу часцей за адзін раз у месяц, то трэба будзе заплаціць пошліну ў 60 еўра.

Нагадаем, з 1 студзеня 2020 года Беларусі знізяць мытную пошліну за перавышэнне лімітаў на пасылкі з-за мяжы.