Фота mlyn.by.

У пасёлку Чысць Маладзечанскага раёна адрамантавалі дзве вуліцы, а таксама на базе мясцовай бальніцы аднавілі працу рэнтгенаўскага кабінета. Гэтыя праблемы пачалі вырашацца пасля сустрэчы жыхароў населенага пункта з дэпутатамі абласнога і раённага Саветаў.

– На сустрэчу з чысцінцамі старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая і кіраўнік раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паукшта прыязджалі ў пачатку лета, – успамінае мясцовы жыхар Аляксандр Раткевіч. – Тады і распавялі мы прадстаўнікам улады аб сваіх праблемах: адсутнасці працоўных месцаў, дрэнных дарогах. Пра тое, што ў нашай бальніцы немагчыма зрабіць нават простую флюараграму.

Абсталяванне ў мясцовай бальніцы знаходзілася ў непрацоўным стане каля сямі гадоў. Два разы на месяц прыязджаў у населены пункт з райцэнтра рэнтген-кабінет на колах. Таксама пры жаданні чысцінцы маглі прайсці такое абследаванне ў Маладзечне. Але туды бо трэба было яшчэ дабрацца.

Фота mlyn.by.

Жыхары пасёлка скардзіліся, адпраўлялі лісты ў розныя інстанцыі. Практычна ўжо не спадзяваліся, што нехта зможа ім дапамагчы. Але бліжэй да восені, як і абяцаў падчас сустрэчы старшыня Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паукшта, рэнтгенаўскі кабінет запрацаваў. Цяпер туды звяртаюцца жыхары Чысці і суседніх вёсак.

– Стрымала слова і Наталля Якубіцкая, – кажа Аляксандр Раткевіч. – У населеным пункце, як яна абяцала, адрамантавалі адразу дзве вуліцы. Кіламетр новай дарогі з’явіўся ў трэцім мікрараёне пасёлка, выкладзена новае пакрыццё ў бальніцы, а таксама каля швейнага атэлье «Арніка». Прыемна, што наш голас пачуты і што словы прадстаўнікоў ўлады не разыходзяцца са справай.

• Текст доступен на языке: Русский