Яўгеніі Чантарыцкай (у дзявоцтве Зэня Шэміс) сёлета споўнілася 90 год. Яна нарадзілася ў Францыі, падлеткам прыехала разам з сям’ёй у Савецкі Саюз. Ад камфортнага жыцця ў французскай правінцыі да беднасці пасляваеннай Беларусі.

Францыя – краіна дзяцінства

Бацька Ян нарадзіўся ў вёсцы Бабраўнікі ў Астравецкім раёне. У яго было шмат братоў і сясцёр, жылі бедна. Таму вырашыў ехаць на заробкі за мяжу. Зэня ўспамінае, што сваякі бацькі раз’ехаліся з вёскі, як і ён.

У Францыю бацька Яўгеніі Ян прыехаў у 1926 годзе ў горад Абуэ. Там заключыў кантракт с кампаніяй і стаў працаваць на шахце. Праз нейкі час папрасіў сяброў у Беларусі знайсці яму жонку на Радзіме. Дагэтуль бацькі не бачылі адзін аднаго. Маці Ганна гаварыла, што вернецца ў Беларусь, калі не спадабаецца Яну. Аднак Ганна і Ян ажаніліся ў ліпені 1928 года. У наступным годзе ў беларускай сям’і ў Францыі нарадзілася дачка Зэня, а ў 1932-м – сын Рэнэ.

На адной вуліцы з Шэмісамі ў Абуэ жылі пераважна выхадцы з Усходняй Еўропы, дзве французскія сям’і і адна італьянская. Зэня з цеплынёй распавядае пра французскае дзяцінства. Яны бавілі час як звычайныя дзеці: гулялі ў класікі і хованкі, скакалі праз гумкі.

Зэня кажа пра сябе, што была сарвігалавой, а Рэнэ спакойны і дамашні хлопец. Аднойчы яна парвала сукенку, калі забралася на дрэва. Маці моцна сварылася, а бацька абараняў. У сям’і размаўлялі на польскай мове. А Рэнэ і Зэня камунікавалі з іншымі толькі па-французску.

У 1937 годзе Ганна разам з дзецьмі паехала да маці ў Беларусь. Яны прабылі ў Рагазах каля месяца, паспелі вярнуцца ў Абуэ да Другой сусветнай. Зэня ўспамінае, што ёй спадабалася лазіць па дахах дамоў у вёсцы Рагазы на Маладзечаншчыне.

Да пачатку вайны Зэня закончыла сем класаў у школе. Немцы трымалі ў школе падчас Другой сусветнай гарнізон, таму дзеці не хадзілі на заняткі. Зэня распавядае, што з немцамі ніяк не камунікавалі, як і яны з імі.

– Калі не чапаеш немца, то і ён цябе не чапае.

Вайну Зэня не бачыла. Баявыя дзеянні мінулі Абуэ. Французскі горад вызвалялі амерыканцы. Зэня ўспамінае, калі яны засыналі, па вуліцах хадзілі немцы, а калі прачнуліся, то вайскоўцы былі ўжо ў другой форме. З амерыканцамі дзеці шмат гулялі, прыносілі ім патроны на стрэльбішча. А салдаты ім падарылі коўдру.

Гэты калаж Аляксандр Салагуб зрабіў спецыяльна для Яўгеніі. Тут яна ўжо ва ўзросце на фоне карабля, на якім з сям’ёй прыехала ў Савецкі Саюз.

«Не ведаю, чаму мы паехалі сюды»

Пасля вайны сям’ю Шэмісаў агітавалі вярнуцца ў Савецкі Саюз. Бацька хацеў паехаць дадому, таму што ўжо 20 год працаваў на шахце, а маці памятала беднасць і хацела застацца ў Францыі. Дзяцей ніхто не пытаўся. У 1946 годзе Шэмісы паддаліся на ўгаворы Надзеі Саковіч, якая доўга агітавала іх вярнуцца ў СССР. Пасля Саковіч хацелася назад у Францыю, але ў яе не атрымалася.

У Францыі ў Шэмісаў была гаспадарка і дом. Усё засталося ў Абуэ, яны ўзялі адзенне, кнігі і маленькія бытавыя прылады, напрыклад, кавамолку. Сям’я плыла на вялікім караблі пад назвай «Расія» шэсць дзён. Зэня прыгадвае, што яны спалі на ніжніх палубах, як селядцы. Маці было страшна плыць, таму што баялася вады – яна была ўсюды, ад яе не збяжыш.

Прыплылі ва Украіну ў адэскі порт. Першае, што пабачылі ў Адэсе, – хлопчыка, які стаяў з выцягнутай рукой і нешта прасіў. Маці пераклала Зэне і Рэнэ, якія не ведалі ні рускай, ні беларускай, што ён прасіў хлеб. Тады Шэмісы зразумелі, што ў Савецкім Саюзе ўсё будзе не так добра, як у Францыі.

Ва Украіне яны пражылі нядоўга, але бедавалі і недаядалі. У Зэні нават спыніліся месячныя. Па яе словах, яны ўсе выглядалі, як трасцінкі. Маці разам з Зэняй і Рэнэ паехала ў Рагазы – ехалі ў грузавым вагоне цягніка. Бацька застаўся ў Адэсе адпрацоўваць за пераезд сям’і ў Беларусь.

Венчык для убівання яек, які Шэмісы прывезлі з Францыі.

У Беларусі, як кажа Зэня, было лепш, аднак ніхто з маміных сваякоў не быў рады бачыць іх.

– Яшчэ чатыры галодныя раты. Адна справа, калі толькі б маці прыехала, але ж яна прывезла нас і бацьку. Мы жылі ў двух братоў маці. Спалі на падлозе і лаўках, елі няшмат. Помню, што маці высылала ім грошы з Францыі, а тут яны так прынялі нас.

Зэня спрабавала вярнуцца назад у Абуэ, аднак з Савецкага Саюза не выпускалі, а запрашэнне французскай сяброўкі не мела сілы.

– Не ведаю, чаму мы паехалі сюды. Не ведаю, чаму не засталіся ў Францыі.

Бацька памёр праз дзесяць гадоў – у 1958-м.

«Мяне называлі жыдоўкай»

Зэня і Рэнэ, якія ў Беларусі сталі Жэняй і Рэнюсем, не ведалі мясцовай мовы. Рэнюсь хадзіў у вячэрнюю школу, а Зэня доўга спрабавала ўладкавацца на працу. Працавала на хлебазаводзе, швейнай фабрыцы і ўрэшце засталася ў гандлі.

– За спінай мяне называлі жыдоўкай, таму што мела чорныя валасы і дрэнна размаўляла на рускай. Не крыўдзілася, людзі не ведалі спачатку, хто я і адкуль.

У 1950-я гады за Зэняй бегаў агент МГБ (Міністэрства Дзяржаўнай бяспекі), прапаноўваў працаваць агітатарам, але яна адмовілася. Брат Рэнюсь параіў не весціся на правакацыі, не пагаджацца ні на што і нічога не падпісваць.

Падручнік па Гісторыі Францыі. Шэмісы прывезлі з сабой шмат кніг.

Рэнюсь вучыўся ў палітэхнікуме, стаў вядомым краўцом у Маладзечне ў атэлье «Бярозка». Ён ажаніўся са швачкай Надзеяй. У іх нарадзіўся сын Эдмунд і дачка Ларыса. Цяпер яны ўдваіх працуюць у прыватнай касметычнай кампаніі «Дыліс Касметык». Эдмунд зрабіў кар’еру да дырэктара фірмы.

Летам 1978 года ў Зэні памерлі маці і брат Рэнюсь. Дачка Зэні Жанна кажа, што гэта паўплывала на маці. Да таго часу ў Зэні ўжо быў муж Іван, дачка Жанна і сын Віктар. Яна вучылася пісаць па-руску і па-беларуску разам з дзецьмі, калі яны пайшлі ў школу. Лёс у Віктара склаўся трагічна: ён памёр у 23 гады ад рака крыві.

Вяртанне ў Францыю ў 1990-х

Усё жыццё ў Савецкім Саюзе Зэня вяла перапіску з сяброўкай Палет Жаке. На нейкі час, калі жанчыны завялі сем’і, перапіска перарвалася. Аднак у 1980-х яны зноў знайшлі адна адну. У 1990 годзе Зэня з дачкой прыехалі ў Францыю па запрашэнні Палет.

Ехалі ў Францыю некалькі дзён. Падарожжа было з прыгодамі. Напрыклад, у Берліне трэба было перайсці з аднаго вакзала на іншы – гэта яны дазналіся толькі па прыездзе. У Чэхаславакіі трэба садзіцца ў пэўны вагон, каб дабрацца да горада, дзе іх сустракала Палет. Аднак яны селі ў іншы вагон і дабраліся амаль да Бельгіі. Хлопец у цягніку пачуў, што яны размаўляюць на рускай мове, і дапамог патэлефанаваць Палет.

Зэня пазнавала Палет не адразу, таму што апошні раз бачыліся напрыканцы 1940-х. У Абуэ арганізавалі сустрэчу аднакласнікаў у рэстаране. Зэня перакладала дачцэ з французскай, аб чым размаўляюць за сталом. Французы цікавіліся жыццём Зэні ў Саюзе: што адбывалася з ёй, калі яна прыехала з сям’ёй, як жылі людзі тут на самой справе.

Зэня пабачыла ў Абуэ свой дом, аднак не рашылася туды зайсці. Абуэ не моцна змяніўся за 70 год, але шахту, дзе працаваў бацька, зачынілі. У Францыі Зэня з Жаннай правялі паўтара месяца, нават пратэрмінавалі візу, аднак французскія пагранічнікі нічога не сказалі.

– Ваша Радзіма тут ці ў Францыі?

– У Францыі, я – францужанка. Хацела б вярнуцца ў Абуэ і там памерці.

* * *

Сёлета пісьменнік і журналіст Валер Каліноўскі апублікаваў кнігу «Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну». У кнізе Каліноўскі распавядае 14 гісторый беларусаў, якія жылі і працавалі ў Францыі, а потым вярнуліся ў Савецкі Саюз.

У Маладзечне жыве Яўгенія Чантарыцкая, Аляксандр і Мікалай Салагубы, якія нарадзіліся ў Францыі.

 

Фота на галоўнай: Сяргея Гапона.

• Текст доступен на языке: Русский