9 снежня нарадзіўся беларускі паэт Максім Багдановіч. З Маладзечаншчынай творцу звязвае вёска Ракуцёўшчына – колішні фальварак Лычкоўскіх, дзе Максім Багдановіч адпачываў летам 1911 года.
Ракуцёўшчыну як месца адпачынку Багдановіча адкрыў маладзечанскі навуковец, гісторык Генадзь Каханоўскі.
– Каханоўскі доўга шукаў гэтае месца. Бо нідзе ва ўспамінах Багдановіча і пра Багдановіча яно дакладна не называлася, – распавядаў неяк краязнаўца і пісьменнік Міхась Казлоўскі.
Разглядалі Раёўку Маладзечанскага раёна. І ў гэтай вёсцы сапраўды Багдановіч часта бываў. Толькі гэта быў іншы Багдановіч – пан Мечыслаў. Ён жыў у Абадоўцах, на Вілейшчыне. А ў Раёўцы меў кардоннную фабрыку.
У выніку месца Каханоўскаму падказалі нашчадкі Івана і Антона Луцкевічаў.
А цяпер пяць цікавых фактаў пра Багдановіча
1. Маці засмучалася, калі Максім і ягоныя браты размаўлялі па-беларуску
У лісце да мужа Адама Багдановіча ў 1895 годзе Марыя Багдановіч пісала пра сваіх дзяцей: «…Вось толькі кепска, што сталі гаварыць па беларуску і часам такое слоўца ўлупяць, што хоць пад зямлю праваліся».
2. Яго ледзь не скалечыла родная цётка
Адам Багдановіч адзначаў: «У два месяцы ён адчуў велізарны боль. Маці, выкупаўшы яго, хацела пасыпаць, дзе трэба, дзіцячай прысыпкай.
— Пасвяці, — сказала яна сястры.
Тая падышла з лямпай. Цыліндрычнае шкло трэснула (…), распалены цыліндар падае проста на жывоцік. Жахлівы крык дзіцяці. Маці аслупянела ад жаху. Я кінуўся на крык, схапіў шкло з цельца, якое звівалася ад болю. З’явіўся пухір велічынёй з далонь».
3. Любімая цацка ў дзяцінстве — Ванька-ўстанька
Максім Багдановіч пісаў: «Памятаю, у дзяцінстве ён вельмі забаўляў мяне. Колькі разоў я перакульваў яго з аднаго боку на другі, клаў на спіну і, адымаючы руку, весела выкрыкваў:
— Ванька! Устань-ка!
4. Не любіў слова «стыль»
У лісце да рэдакцыі «Нашай нівы» (14 лістапада, 1912) пісаў: «Паміж іншым, на які пёс і Вы і я ўжываем слова „стыль“, — у Насовіча памешчана слова „кшталт“, і значэньне яго, здаецца, тое ж самае».
5. Заводзіў раманы па перапісцы, а пасьля адчуваў сябе вінаватым, калі бачыў дзяўчыну наяве
Паводле ўспамінаў Зоські Верас, Багдановіч ёй казаў: «Маю толькі адно прыкрае перажываньне, якое адбірае мне спакой. Можа, вы чулі, што я ўжо даўжэйшы час перапісваўся з адной асобай з Менску (назавём яе N). Завязалася лістоўная прыязнь, шчырасць. Вось, прыехаўшы і пазнаёміўшыся асабіста, уся мая прыязнь да яе развеялася. Не магу ёй адказаць тым самым, не магу… і гэта так мучыць! Раблю чалавеку прыкрасць… Ці ж гэта можа не балець?»
• Текст доступен на языке: Русский