Аляксей Язылец з Мядзела пабываў на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды.

Яго вандроўкі заўсёды звязаныя са спартыўнымі захапленнямі. Аляксей любіць футбол, гандбол і іншыя камандныя віды спорту. Таму вандраваць пачынаў менавіта з гэтай нагоды: спачатку па Беларусі, а потым і па ўсім свеце.

Кратар вулкана Брома, Інданезія.

Як усё пачыналася

Аляксей пачаў падарожнічаць ад 12 год па Беларусі, катаўся па футбольных гульнях. Першы раз за мяжу выехаў у Польшчу. Ён разбівае вандроўкі па колькасці часу, адлегласці і мэтах, таму можа назваць сваёй першай краінай і Украіну – першы футбольны выезд за мяжу, і Славакію – першы хакейны выезд за мяжу са зборнай.

– Самай любімай кніжкай у дзяцінстве быў дарожны атлас. Зразумела, калі цікавішся спортам, то і геаграфію вывучаеш. Напрыклад, «Арарат» з Ерэвана, а «Тотэнхэм» з Лондана. Пазней мне стала цікава сустракацца з людзьмі. Людзі – самае цікавае ў падарожжы.

Раней, прызнаецца Аляксей, было складана вандраваць, таму што не было ні букінгу (сістэма інтэрнэт-браніравання гатэляў), ні каўчсёрфінгу (платформа, праз якую людзі даюць начлег адзін аднаму падчас падарожжаў). Праз інтэрнэт шукаў заўзятараў, пытаўся пра начлег. Праводзіў дзень у горадзе, купляў білеты на начны цягнік да іншага пункта, каб пераначаваць. Часта даводзілася начаваць у дзіўных месцах. Напрыклад, спыняўся на ноч у музеях тройчы – у Астрахані, на мяжы з Афганістанам і ў Канадзе.

Драўлянай працякаючай лодкай з Танзаніі ў Мазамбік, мяжа ўмоўная, рака Равума.

Аляксей не вядзе дзённік падарожжаў, запісвае інфармацыю ў выглядзе нататак. Ён аддае перавагу фотаздымкам, таму што яны дапамагаюць зафіксаваць усё больш падрабязна.

Аляксей вучыўся ў Мінску і Варшаве па эканамічнай спецыяльнасці. Цяпер ён працуе як турыстычны гід, значыць, падчас працы таксама ў падарожжах. Сутнасць працы Аляксея – дапамагаць падарожнічаць людзям. І ён лічыць гэта добрай справай.

Ад снежня 2018 года Аляксей быў у вандроўцы, вярнуўся ў Беларусь толькі напрыканцы чэрвеня. Ён плануе вандроўкі на чатыры гады. У выпадку экстранных падзей, у Аляксея заўсёды ёсць дадатковы план падарожжа.

Камчатка.

На думку Аляксея, кошт вандровак залежыць ад чалавека.

– Калі чалавек жыве ў трохзоркавых гатэлях, то грошай сыходзіць шмат. Я жыву з сябрамі ў рамках праектаў. З сябрамі жыллё танней і весялей.

Складанасці з беларускім пашпартам

Аляксей адзначае, што з беларускім пашпартам атрымаць візу складана, асабліва ў афрыканскіх краінах. Усё з-за таго, што ў Афрыцы зусім мала беларускіх амбасад.

– Там нават консулы не ведалі такую краіну, як Беларусь. У маёй афрыканскай экспедыцыі было многа такіх выпадкаў.

У афрыканскую экспедыцыю, як яе называе Аляксей, адправіўся з-за чэмпіянату свету-2010 па футболе. Чэмпіянат праходзіў у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, а вандроўнік праехаў усю Афрыку, каб дабрацца да краіны-гаспадара футбольнага мундыялю.

Аўтаспын у Мазамбіку.

На мяжы Сірыі i Іарданіі Аляксей рабіў візу. Пагранічнік узяў яго пашпарт і перапытаў назву краіны: «Барбадос?». Аляксей абураецца, што яны ведаюць Барбадос, а пра Беларусь не чулі. Беларус адплываў на пароме з Іарданіі ў Егіпет, але яго знялі з рэйса, таму што пагранічнікі не ведалі беларускага грамадзянства. Сітуацыя ўскладнялася тым, што Аляксею трэба было пераплыць менавіта на тым пароме, каб з Егіпта трапіць у Судан – тэрмін па візе падыходзіў да канца. Пасля пэўных складанасцяў мядзельчаніну атрымалася паплыць іншым караблём, а затым адпаведна паспець на суданскі паром, які курсаваў толькі раз на тыдзень.

Што рабіць, калі захварэеш на малярыю

Перад паездкай у Афрыку Аляксей чытаў шмат пра малярыю, нават больш чым пра цікавыя афрыканскія месцы. Ад малярыі няма прышчэпкі, кажа ён. На той час ад малярыі ў Еўропе былі два віды таблетак: маляроны і ларыўм. Маляроны вельмі дарагія, іх нельга ўжываць больш за 28 дзён, таму што слабеюць косці. Ларыўм больш танны, яго ўжываюць аднойчы на тыдзень, але некаторым ён дзейнічае на псіхіку і выклікае галюцынацыі.

– Мне проста так не давалі ларыўм. Доктар выпісаў рэцэпт, за які заплаціў 20 долараў.

Пазней Аляксей адмовіўся ад таблетак. Кажа, яны не дапамагаюць ад малярыі цалкам: калі чалавек захварэе, таблеткі дзейнічаюць, але не заўважаеш прыкметы малярыі.

Аляксей размаўляў з сям’ёй, якая жыла ў Малаві і займалася бізнесам. Яны ўсе хварэлі на малярыю: муж восем разоў, жонка і сын – чатыры разы, а дачка двойчы. Гэта сям’я не піла таблеткі для прафілактыкі. Немцы, з якімі Аляксей пазнаёміўся ў Замбіі, ужывалі лекі ад малярыі. Іх куплялі ў Замбіі – каштуюць танна, але дапамагаюць. Аднак у Еўропе гэтыя лекі не прадаюць, таму што еўрапейцы лічаць іх шкоднымі для сэрца.

Паўднёва-Афрыканская рэспубліка.

Якая афрыканская краіна найбольш уразіла?

– У прыродным плане Намібія неверагодная, там ёсць унікальныя рэчы: пустыня Наміб і Калахары, Аранжавая рака, бераг шкілетаў і шмат іншых аб’ектаў. Там велізарная розніца паміж багатымі і беднымі. Цікава пажыць на вілах і паразмаўляць з адукаванымі людзьмі. Большасць з іх белыя. Таксама цікава пабыць у мясцовасцях, дзе дагэтуль ежу гатуюць на вогнішчы.

Аляксей лічыць, што падарожжа складаецца з пазнання, як жывуць людзі, а не толькі з турыстычных маршрутаў, калі ты не бачыш рэальнае жыццё.

– Намібія розная і цікавая. Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка да яе па сваёй арганізацыі падобная. Намібія адзіная краіна ў Афрыцы, куды беларусам не патрабуецца віза.

Аляксей прызнаецца, што любіць краіны, дзе шмат эканамічных і палітычных свабод. Да любімых краін у Афрыцы ён дадае і Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку.

– Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка адрозніваецца памерам ад Намібіі. Але ў яе ёсць вялікі мінус – гэта небяспечная краіна. Некалі яна лідзіравала па колькасці забойстваў.

«Азія – мой любімы кантынент»

Вандроўніку падабаюцца розныя азіяцкія рэгіёны і ён лічыць, што колькасць наведванняў кажа за сябе. Напрыклад, у Паўднёвай Амерыцы быў два разы, у Афрыцы – 6, а ў Азію з’ездзіў 21 раз.

Непал, 101-я краіна, Аляксей уздымаецца на базавы лагер Анапурны.

– Падабаецца Паўднёва-Усходняя Азія. Яшчэ класная геаграфічная азіяцкая частка Расіі: Камчатка, Уладзівасток, Далёкі Усход. Люблю падарожнічаць па Сярэдняй Азіі.

Аляксею падабаецца Азія, аднак жыць у некаторых краінах складана. Ён тлумачыць, што азіяцкі рэгіён – гэта мікс з гасціннасці, людзей, прыроды, таннага харчавання і гатэляў, у значнай колькасці ў краін цудоўны аўтаспын.

Цягнікі на Шры Ланцы, дзьверы ў вагонах не зачыняюцца. Аляксей кажа, што вельмі файна так вандраваць.

Марыць з’ездзіць у Антарктыду

Аляксей марыць пабываць у Антарктыдзе. Аднак цяпер цэны на пуцёўкі дарагія – каля пяці тысяч долараў. Адпраўленне з Вогненнай зямлі ў Аргенціне. Гэта тур разам з групай на дзесяць дзён у час сезона, які пачынаецца ад канца лістапада і доўжыцца да лютага. Рэдка з’яўляецца магчымасць здабыць пуцёўку за дзве тысячы долараў.

Аўтаспын: галоўныя правілы і мова

Аляксей размаўляе ў вандроўках па-англійску. Адзначае, што цяпер усё больш і больш людзей ведаюць англійскую мову. У школе вывучаў нямецкую, аднак ва ўніверсітэце перайшоў на вывучэнне англійскай.

Мядзяльчук кажа, што ў некаторых краінах дагэтуль не ведаюць англійскую мову, таму даводзіцца нешта прыдумваць, каб камунікаваць з кіроўцамі, з якімі кантактуеш падчас падарожжаў.

– Дзесьці «аўтаспын» ці «каньён» могуць быць міжнароднымі словамі. Іншаземцы разумеюць словы, якія ў англійскай заканчваюцца на «шн», напрыклад, revolution (рэвалюцыя).

Аляксей кажа, што з кіроўцамі падчас аўтаспыну можна знайсці агульную тэму нават без ведання мовы, аднак пра сур’ёзныя рэчы не паразмаўляеш. На яго погляд, калі едзеш аўтаспынам, трэба абавязкова звяртаць увагу, ці цвярозы кіроўца. Хоць у афрыканскіх краінах часам вандруеш у перапоўненным транспарце, на даху грузавіка ці нават цягніка).

– У Турцыі цудоуны аўтаспын, аднак дзяўчатам адным лепш не ездзіць. Думаю, хлопцам не страшна ездзіць. Аднак заўсёды трэба падрыхтавацца. Калі некалькі разоў паездзіш, дык пачнеш адчуваць, з кім садзіцца ў машыну, а з кім – не.

На дарогах у Папуа.

Быў у гарачых кропках

– Калі чалавек не канфліктны, то ён не будзе шукаць сабе прыгод. У 2010-м у Судане вайна была, але ў заходняй частцы краіны, у Дарфуры. Я быў у другой частцы Судана, таму вайну не пабачыў.

У Афганістане, успамінае Аляксей, тая самая сітуацыя. Баявыя дзеянні праходзяць не па ўсёй краіне, таму вандроўнікі маглі перасоўвацца па краіне 10 і больш год таму (але не цяпер, не ў нашыя часы). Падарожнікі папярэдне дазнаюцца інфармацыю, дзе бяспечныя маршруты: куды можна ехаць, а куды не варта. Аляксей заўважае, што ў падарожжах самае важнае – мазгі і пашпарт.

Ён тройчы быў у Сірыі. Лічыць, што краіна танная і гасцінная. Паспеў шмат чаго паглядзець: Пальміру, старажытны Дамаск, Алепа і Хаму.

– У Маалюля людзі праводзілі службы на старажытнай арамейскай мове. Я планаваў пажыць у Сірыі, спыніцца вясной ў 2011 годзе ў Дамаску, але пачалася вайна.

Што з сабой браць у вандроўкі?

У заплечнік Аляксей бярэ карымат (турыстычны дыванок), спальны мяшок, крэмы, металічны кубак і лыжку. У азіяцкія краіны браў з сабой лекі: аспірын, вугаль. У трансафрыканскую экспедыцыю браў супрацьмалярыйныя лекі. Бярэ вопратку, горны абутак і басаножкі – тут усё залежыць ад мясціны. Час ад часу ў Аляксея ёсць намёт. Ён бярэ з сабой навігатар і папяровую карту.

– Але самае галоўнае – не забыць пашпарт і мазгі!

Пра беларусаў і Мядзел

– Беларусы не такія гасціныя ў параўнанні з іншымі народамі свету. Не сказаў бы, што гэта міф, але беларуская гасціннасць – перабольшванне. У параўнанні з еўрапейцамі беларусы не вельмі талерантныя. Мы памяркоўныя і не экспрэсіўныя.

Аляксей прызнаецца, што любіць родны горад, нягледзячы на тое, што ён маленькі. І заўсёды з задавальненнем сюды вяртаецца.

– У нас ёсць Нацыяльны парк, азёры, Будслаў – духоўная сталіца для каталікоў і грэка-каталікоў, шмат гістарычных падзей адбывалася на Мядзельшчыне. Гэта можа быць суб’ектыўна, але блізка да аб’ектыўнага, што Мядзельскі раён – адзін з найлепшых у Беларусі.

Любімыя гарады

Лондан – з-за футбола, таму што гэта горад нумар адзін у відзе спорту і сваёй гісторыі.

Буэнас-Айрас – там шмат што ёсць для людзей. Ты можаш пайсці ў тэатр, канцэрт ці на футбол (16 футбольных клюбаў разам у агламерацыі ў вышэйшым дывізіёне).

Аляксей адзначыў яшчэ Вільню, Львоў, Варшаву і Сібіў.

– Вялікія гарады для мяне ўсе цікавыя. Кажуць, няма чаго глядзець у Касабланцы, але ў любым горадзе ёсць што паглядзець. Мільённы горад можа быць не такім бліскучым, як Лондан, але ён не можа быць нецікавым.

* * *

Больш здымкаў з вандровак Аляксея ў яго Інстаграме!

• Текст доступен на языке: Русский