Фота minobl.mchs.gov.by.

Як толькі надыходзіць зіма, большасць дзяцей, ды і некаторыя дарослыя, з нецярпеннем чакаюць, калі на вадаёмах замерзне лёд.  Практычна кожны год здараюцца сітуацыі, калі найбольш нецярплівыя аматары зімовай рыбалкі або катання на каньках трапляюць у небяспечнае становішча, апыняючыся ў ледзяной вадзе.

Каб прадухіліць такія сітуацыі, інспектар Валожынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна са старшынёй раённай арганізацыі АСВОД правялі сумесны рэйд па вадаёмах раёна. І хоць вада яшчэ толькі стала замярзаць, аматараў зімовай рыбалкі гэта не спыняе.

На адным з вадаёмаў рэйдавая група сустрэла двух рыбакоў. З імі была праведзена прафілактычная гутарка аб небяспецы знаходжання на лёдзе, на што яны адрэагавалі даволі спакойна, і адразу ж пакінулі месца.

Фота minobl.mchs.gov.by.

Правіла бяспекі на лёдзе

Аматарам зімовай рыбалкі перш за ўсё трэба вывучыць меры бяспекі на лёдзе ў зімовы перыяд, а толькі потым адпраўляцца на вадаём. Самае галоўнае правіла: не ўпэўнены ў трываласці лёду – не ідзі на яго.

Каб адзін чалавек удала перайшоў змёрзлы вадаём, таўшчыня лёду на шляху руху павінна быць не менш за 10 сантыметраў. Больш небяспечным, а, значыць, тонкім лічыцца лёд жаўтлявага або матава-белага колеру. Часцей за ўсё ён мае кіпрую структуру, таму надзейным яго лічыць нельга.

Неабходна ведаць: калі некалькі дзён тэмпература не апускаецца ніжэй за нуль градусаў, трываласць зніжаецца на 25%. Найбольш тонкім лёд бывае нават у марознае надвор’е каля зараснікаў чароту, кустоў або дрэў, якія растуць па берагах.

Правяраць трываласць лёду ўдарамі па ім нагой нельга, лепш для гэтага скарыстацца палкай. У выпадку з’яўлення нават невялікай колькасці вады ўжо можна сказаць, што лёд худы і не падыходзіць для катання або прагулак па ім.

У выпадку групавога перамяшчэння лепш ісці, прытрымліваючыся адлегласці адзін ад аднаго не менш за 5 метраў.

Калі за спіной маецца ноша, яе лепш размясціць на адным плячы, каб пры небяспецы можна было лёгка ад яе вызваліцца.

Фота minobl.mchs.gov.by.

А што рабіць у час зімовай рыбалкі?

Для зімовай рыбалкі трэба выбіраць знаёмы вадаём і тыя месцы, дзе глыбіня не перавышае рост чалавека. Не варта рабіць некалькі палонак побач. Таксама непажадана садзіцца вялікай групай на маленькім участку лёду. Калі ў працэсе прабівання лункі з яе пачынае біць фантанам вада, гэта азначае, што месца небяспечнае і не падыходзіць для бяспечнай рыбалкі.

З сабой неабходна мець вострыя прадметы, якія можна было б выкарыстоўваць для выратавання ў выпадку трагедыі.

Толькі пры выкананні гэтых нескладаных правіл можна быць упэўненым, што зімовая рыбалка скончыцца добра.