Традыцыйна ў лістападзе, калі адзначаюць Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі, выпускнікі Ільянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа тэлефануюць былым выкладчыкам, віншуюць іх, распавядаюць, як уладкаваліся пасля каледжа.

Сёлета зноў было шмат такіх званкоў, таму мы даведаліся пра нашых былых навучэнцаў.

Заробак і дом з мэбляй задавальняюць

Дзмітры Стасевіч скончыў каледж сёлета па спецыяльнасці «заатэхнік». Па размеркаванні трапіў у Гродзенскую вобласць, на Астравеччыну, у гаспадарку «Міхалішкі». Кажа, што да яго паставіліся з паразуменнем. Можа таму, што ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве працуе шмат маладых спецыялістаў.

А можа таму, што кіраўнік гаспадаркі і сам быў выпускніком нашага каледжа.

За тры месяцы працы Дзмітрыю, як маладому спецыялісту, далі дом з мэбляй і газавым ацяпленнем. На час абавязковай адпрацоўкі хлопца паставілі на пасаду заатэхніка-селекцыянера. Аднак спыняцца на гэтай пасадзе малады спецыяліст не хоча. Ужо прайшоў курсы павышэння кваліфікацыі для заатэхнікаў-селекцыянераў на базе Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. У бліжэйшых планах атрымаць прафесію ветэрынара-гінеколага. Па словах маладога спецыяліста, заробак у 650 рублёў яго задавальняе.

Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся

Яшчэ адзін наш выпускнік Іван Гурновіч ішоў на працу ў адкрытае акцыянернае таварыства «Чурлёны» на Вілейшчыне мэтанакіравана. Яшчэ пры паступленні ў каледж ён падпісаў дамову аб мэтавай падрыхтоўцы менавіта з гэтай гаспадаркай.

Іван Гурновіч на працы. Фота забяспечанае аўтарам.

Пра Івана можна казаць: «Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся». Ён выхоўваўся ў прыёмнай сям’і ў Іжы. А Іжа ўваходзіць у гэтае сельскагаспадарчае прадпрыемства. Практыку падчас вучобы Іван таксама праходзіў у Чурлёнах. Пасля каледжа Іван паступіў у Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Але праз тыдзень зразумеў, што гэта не яго. І пайшоў працаваць. У Чурлёнах малады спецыяліст мае пакой у аграгарадку Лыцавічы. Працуе Іван на малочнатаварнай ферме, што месціцца за пяць кіламетраў ад аграгарадка. Дабіраецца на працу па-рознаму: у цёплае надвор’е – пешшу, з надыходам халадоў едзе з усімі рабочымі на аўтобусе. Працуе малады чалавек заатэхнікам. Праца Івану падабаецца. Аднак заробак у 267 рублёў засмучае.

Да цяжкасцяў хлопец ставіцца з гумарам. «З чаго нельга павучыцца – з таго можна пасмяяцца», – жартуе Іван.

• Текст доступен на языке: Русский