У Беларусі пачалося паэтапнае павышэнне кошту гарадскіх і прыгарадных аўтобусаў. Не выключэнне і Мінская вобласць. Калі чакаць павышэння тарыфаў, і з чым гэта звязана, высветліў МЛЫН.BY.

Рашэнне пра павышэнне коштаў на праезд у прыгарадным і гарадскім транспарце ўжо гатовае і цяпер – на разглядзе ў Мінаблвыканкаме. Як толькі пад дакументам паставяць подпісы, кошт білетаў вырасце. Чакаецца, што гэта адбудзецца на гэтым тыдні.

Як распавёў МЛЫН.BY генеральны дырэктар «Мінаблаўтатранс» Уладзімір Федаровіч, прыгарадныя маршруты падаражэюць на капейку, а гарадскія – на пяць. Такое рашэнне прынята па дзвюх прычынах.

– Першая – у краіне даражэе паліва, другая – нам трэба падымаць заробак кіроўцам, – распавёў Уладзімір Федаровіч. – Апошні раз мы павышалі тарыфы год таму – 25 лістапада 2018 года. Гэта неабходная мера.

Аб абгрунтаванасці павышэння коштаў кажа і статыстыка. Па выніках мінулага года рост паліва склаў 120%, а заробкаў кіроўцаў – толькі 119%.

– Атрымліваецца, што мы працуем у страту, прадпрыемства нясе каласальныя страты. А маршрутная сетка пашыраецца, зарплаты людзям трэба падымаць, – падкрэслівае Уладзімір Федаровіч.

Акрамя таго, у «Мінаблаўтатрансе» працуюць над паляпшэннем якасці перавозак. Закупляецца новая тэхніка, мадэрнізуюцца аўтавакзалы, аптымізуюцца маршруты, час і расклад адпраўлення транспарту. Арганізуе і кантралюе перавозкі – «Мінаблпасажыртранс».

– Па плане паскоранага развіцця за выдзеленыя з абласнога бюджэту грошы ў гэтым годзе закупілі пяць аўтобусаў у Салігорску, шэсць – у Маладзечне і тры – у Барысаве. Акрамя таго, за ўласныя сродкі папоўнілі аўтапарк у Вілейцы, Жодзіне, Чэрвені, Лагойску і іншых гарадах вобласці. Не застаюцца па-за ўвагай і перавозкі ў малых населеных пунктах. Сёння аўтапарк вобласці налічвае 881 аўтобус, – адзначыў Уладзімір Федаровіч.

• Текст доступен на языке: Русский